Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Тры зялёныя шары

   Граніца праходзіць па звілістай, з камяністымі берагамі рэчцы. На тым беразе – чужая зямля, невялікая вёска. Хаты глінабітныя, з плоскімі дахамі. Вокны хат выходзяць не на вуліцу, а на двор, абнесены глінянымі сценамі.
   На гэтым беразе стаіць наша сяло. У ім новая школа, прасторная і светлая, як і ўсе новыя школы ў нашых сёлах.
   З акон вучням добра відаць тая чужая вёска і людзі, якія прыходзяць да рэчкі браць ваду.
   I яшчэ апошнія дні сталі заўважаць на даху крайняй хаты дзяўчынку з хлопчыкам. Яны ўзлазілі на дах звычайна апоўдні, стаялі там нейкі час, глядзелі сюды, на наш бераг.
   Вось і ў той дзень усе іх убачылі. Цяпер дзяўчынка трымала ў руцэ нешта зялёнае.
   Вучні павярнулі галовы да акна, загледзеліся. Заўважыў, што дзеці назіраюць за нечым у акне, і настаўнік. Таксама паглядзеў у акно і ўбачыў дзяцей, якія стаялі на даху чужой вёскі і глядзелі сюды.
   – Ну і няхай стаяць, – сказаў ён. – Значыць, нешта цікавае тут бачаць.
   Ён хацеў ужо працягваць урок, як у гэты момант дзяўчынка падкінула ўгору тое, што трымала ў руках, і ў паветры паплылі тры зялёныя шары. Вецер гнаў іх цераз граніцу. Вось яны пераляцелі рэчку, пачалі зніжацца і неўзабаве апусціліся перад самай школай.
   Адзін вучань выбег у двор, схапіў шары і прынёс у клас. Да ніткі была прывязана паперка. Разгарнулі яе, а там нешта напісана не нашымі літарамі.
   Настаўнік узяў запіску, нейкі час чытаў яе моўчкі – ён ведаў мову сумежнай краіны. А потым сказаў, што запіска вельмі цікавая.
   I вось што ён прачытаў: «Мяне завуць Фаціма, мне адзінаццаць гадоў. У мяне ёсць тры старэйшыя браты і два малодшыя. Старэйшыя паехалі ў горад шукаць работу, але не могуць яе знайсці. А я малодшых даглядаю і па гаспадарцы памагаю бацькам. З даху свайго дома бачу вашу школу і дзяцей, якія там вучацца. У нашай вёсцы школы няма, а я і брацік вельмі хочам вучыцца ў вашай школе, яна ж зусім блізка ад нас, толькі рэчку перайсці. Жывём мы бедна, бацькі не могуць паслаць нас вучыцца ў горад. Просім, прыміце нас у сваю школу. Наш дом крайні ад рэчкі. Пісала гэта не я, я не ўмею пісаць і чытаць. Пісаў мой старэйшы брат, ён адзін трохі пісьменны ў нашай сям’і, навучыўся грамаце ў салдатах».
   Настаўнік паклаў запіску ў кішэню і падышоў да акна. I ўсе вучні глядзелі на тую крайнюю хату, на якой стаялі Фаціма з брацікам. Яны былі блізка ад школы, і каб крыкнуць усім класам,то, відаць, пачулі б і адгукнуліся.
   Блізка, але паміж імі і школай граніца.
   – Шкада Фаціму, – наперабой загаварылі вучні. – Няхай бы вучылася ў нас, месца хопіць, школа прасторная.
   Урок працягваўся. Як ніколі сцішаныя і сур’ёзныя сядзелі на гэтым уроку вучні. I кожны думаў: якое шчасце, што жывуць яны не па той бок мяжы, а ў краіне, дзе могуць вучыцца, дзе маюць усё, пра што мараць Фаціма, яе брацік і многія іншыя такія ж няшчасныя дзеці.
(473 словы)

Паводле В. Хомчанкі.

Похожие статьи:

Васіль ХомчанкаВасіль Хомчанка - Дзве Дашы

Васіль ХомчанкаВасіль Хомчанка - Янкава рукавічка

Васіль ХомчанкаВасіль Хомчанка - Звон пад зямлёй

Васіль ХомчанкаВасіль Хомчанка - Яблык

Васіль ХомчанкаВасіль Хомчанка - Білеты у цырк