Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Таямнічы свет

   Пушча вабіла Петруся не толькі сваімі звярамі. Ёй, здавалася, не было канца-краю. I калі яна была такой маляўнічай на ўскраінах, што ж рабілася там, у нетрах, дзе шумяць векавыя дрэвы, дзе праз густое вецце амаль не пранікае сонца на зямлю, дзе ў зялёнай засені бруяцца ручайкі і рачулкі, б’юць празрыстыя крыніцы, дзе на лугавінах стаяць вячыстыя дубы, ствалы якіх некалькім чалавекам не абхапіць рукамі... Там – таямнічы, нязведаны свет, кіпучае жыццё расліннага, жывёльнага і птушынага царства. Вось каб узняць заслону над гэтым жыццём, самому паглядзець, што там робіцца!
   – Ну, Петрусёк, сёння я магу ўзяць цябе з сабой, – сказаў аднойчы бацька, аглядаючы на двары веласіпед, на якім звычайна ездзіў у пушчу. – Ёсць у мяне вольны час, паездзім, паглядзім што, дзе і як...
   – А стрэльбу возьмеш? – захлынаючыся ад радасці, спытаўся хлопчык.
   – Не, страляць я нікога не збіраюся.
   Маці, праходзячы ў гэты час праз двор, пачула размову і папярэдзіла бацьку:
   – Глядзі ж, асцярожней там, а то яшчэ напалохаецца дзіця.
   – Напалохаюся?! – Пятрусь выцягнуўся, выпнуў грудзі. – От яшчэ скажаш, мама. Я не з палахлівых.
   – Не хвалюйся, маці, вернемся жывыя і здаровыя, – садзячы хлопчыка перад сабой на раму веласіпеда, сказаў на развітанне бацька. – Паехалі.
   Было пад поўдзень, калі яны выехалі на шырокую галоўную дарогу, што ішла праз пушчу. Дзень быў ясны, горача прыпякала сонца, але ў лесе адчувалася прыемная прахалода. Паабапал дарогі высокай сцяной, то пышна-зялёнай, то сіняватай афарбоўкі, стаяў лес, шчодра заліты сонечным святлом. Раскідвалі густалістае вецце магутныя ліпы, клёны, вязы, цягнуліся ў неба гонкія сосны, цямнелі піраміды стогадовых ялін. Усё гэта стварала агульныя шаты, у якіх дрыжалі-пераліваліся залатыя блікі сонца. Знізу як бы падпіраў дрэвы падлесак, зелянелі ягаднікі, папараць.
   Дарога была пустэльная і ціхая, затое лес поўніўся птушыным рознагалоссем. Трэлі, перасвісты, гуканне чуліся і тут, і там. Часам нешта шамацела ў вецці, патрэсквалі сухія галінкі, – мабыць, з дрэва на дрэва пераскоквала вавёрка або асцярожна перамяшчалася драпежніца-рысь. Але гэта не здзіўляла Петруся. «Што тут незвычайнага? – разважаў ён, углядаючыся ў наваколле. – Такое я магу пабачыць і пачуць і каля дому...» Хлопчыку хацелася сустрэць штосьці дзівоснае.
   Здагадваючыся аб яго думках, бацька, як бы між іншым, зазначыў:
   – Пазнаць жыццё пушчы, сынку, не проста, не адразу яно адкрываецца новаму чалавеку. На гэта трэба патраціць не дзень, не тыдзень і не месяц. I веды патрэбны немалыя...
   Яны пабывалі ля загарадкі з зубрамі, спыніліся ля другой загарадкі, дзе гадаваўся статак аленяў. Алені былі свойскія і з ахвотай бралі з Петрусёвых рук кавалачкі хлеба, яблыка. Потым, праехаўшы кіламетры два-тры, бацька звярнуў з галоўнай дарогі ўбок, на вузкі прасёлак. Месцамі кроны дрэў спляталіся над выгінастай лясной дарогай і ўнізе панаваў паўзмрок, як быццам надышоў вечар. Тут-такі было страшнавата, і Пятрусь увесь час насцярожана азіраўся. Ехаць стала нязручна, веласіпед раз-пораз падскокваў на тоўстых карэннях.
   Яны накіраваліся на ўскраіну лесу. Там, на самым узлессі, на высокім дубе з разгалістай вершалінай было гняздо чорных буслоў. Двое маленькіх буслянятак былі відаць у гняздзе. Яны нагадвалі падушачкі ў чорных навалачках. А над імі на адной назе стаяў чарнакрылы і чорнагаловы, з белай грудкай стары бусел. Час ад часу ён горда паварочваў галаву, пільна азіраючы наваколле, потым прысеў, адштурхнуўся нагамі і, распластаўшы крылы, паляцеў некуды над верхавіннем лесу. Палёт яго быў размераны, паважны, а пад яго крыламі распасціраўся той таямнічы, нязведаны, дзівосны свет пушчы, пра які казаў бацька і які як мага хутчэй хацелася адкрыць хлопчыку.
(536 слоў)

Паводле Т. Хадкевіча.

Похожие статьи:

ПераказыПа дарозе да Дзвіны

ПераказыВодбліскі далёкіх бліскавіц

ПераказыУ жніво

ПераказыСцежкі зубрыныя

ПераказыСкрозь стагоддзі