Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



У жніво

   Камбайн прыпыняецца, паварочваецца носам да ўскрайку жытнёвага палетка.
   – Пачынай, Пракопавіч. Жадаем табе поспеху. Каб ты сёлета рабіў яшчэ лепш, чым летась, – ласкава сказаў старшыня дзядзьку Колю, калі той сеў за руль.
   Юзік і не прыкмеціў, на якія рычагі ці педалі націснуў дзядзька Коля, але машына скаланулася, задрыжала і рушыла наперад. Закруцілася матавіла, заграбаючы і падгінаючы сцябліны жыта. Зрэзаная збажына ручаём пацякла ў сярэдзіну скрыні, дзе ўсё гуло і ляскатала. Юрка стаяў наверсе, схіліўшыся цераз край бункера. Ніжэй, на лавачцы з мяшкамі для зерня і мякіны, стаяла дзяўчына. Калі мяшок напаўняўся, яна завязвала яго і скідвала на ржышча, а фурманка следам падбірала. Разы са тры спыняліся. Дзядзька Коля злазіў на зямлю і панура бурчаў: – Заела, ліха на яго. – I разам з Юркам прымаўся правіць ланцуг транспарцёра ці яшчэ што.
   Аб’ехалі адзін круг, другі. Ужо дзве фурманкі, напоўненыя мяшкамі з зернем, накіраваліся да вёскі, за камбайнам ішла трэцяя. Юзік залез да Юркі і заглянуў у бункер, куды ссыпалася чысцюткае зерне, паглядзеў, як Юрка, тузаючы час ад часу ручку, спрытна пакідае за камбайнам копы саломы.
   Да гулу і шуму Юзік паволі прывык і ўжо смялей азіраўся навокал. Прыемна было бачыць, як пакорліва схіляецца перад камбайнам сцяна жыта. Куды ні кінь вокам – такі прастор, позіркам не ахопіш. Сонца хавалася за воблакі, але было душна, зямля нібы дыхала гарачынёй, і ў дзядзькі Колі, і ў Юркі твары былі мокрыя ад поту.
   А на небасхіле падымалася вялізная цёмна-сіняя хмара. Яна расла ўвачавідкі, і маланкі пранізвалі яе. Хмара шырылася, абдымаючы ледзь не паўнеба. Яна ішла проста на поле. Камбайн спыніўся.
   – Ану, марш на фурманку і – у вёску! – устаўшы з сядзення, загадаў дзядзька Коля. – Можа, яшчэ паспееце.
   – А вы? – нясмела спытаў Юзік.
   – Застануся тут.
   – Можна і мне з вамі, дзядзька Коля?
   – Табе?.. Не баішся хіба?
   – Не.
   – Што ж, заставайся. Маланка працяла хмару з верху да нізу. Грымнуў гром, быццам залп гармат. Дзяўчына і Юрка бегма кінуліся да фурманкі. Яна памчала прасёлкам і неўзабаве схавалася за ўзгоркам. Дажджу яшчэ не было, але ўсё навокал пацямнела і прыціхла. Ні душы не было відаць нідзе. Дзядзька Коля накрыў бункер брызентам і дастаў з-пад сядзення брызентавы плашч. Зноў бліснула маланка. Грымнула так, нібы раскалолася неба. Зашумеў вецер, паліў дождж. Дзядзька Коля і Юзік сядзелі пад камбайнам, прыкрыўшыся плашчом. Вецер даставаў іх, але было суха. А тым часам вакол рабілася немаведама што. Маланкі ўспыхвалі бесперапынна, гром перакочваўся хвалямі па ўсім небе, нешта сіпела, як на гарачай патэльні.
   Уздрыгваў корпус камбайна і ў сярэдзіне яго ўсё гуло. Юзік прытуліўся да дзядзькі Колі, але ўсё роўна, калі ўспыхвала маланка, святло аж рэзала вока.
   – Страшна, Юзік? – пытаўся дзядзька Коля.
   – Не, – адказваў Юзік, адчуваючы ў той час, як усяго прабіраюць дрыжыкі.
   – Зараз сціхне. Вунь праясняецца ўжо.
   Мінула яшчэ, відаць, хвілін дзесяць, а потым сапраўды шум, грукат, дождж пачалі сціхаць. Неўзабаве дзядзька Коля злёгку тузануў мяне за плячо:
   – Вылазім, Юзік.
   Яны вылезлі са свайго сховішча. Праз прасветліну ў воблаках выглядвала сонца. Разарваная і пасвятлелая хмара адсунулася на ўсход. Дзядзька Коля разаслаў на зямлі ля камбайна плашч, дастаў клуначак з харчамі. Селі палуднаваць. Ох, ніколі, здаецца, не былі для Юзіка такія смачныя аладкі з застылымі скваркамі, хлеб з маслам і салодкае малако!
(513 слоў)

Паводле Т. Хадкевіч.

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыПа дарозе да Дзвіны

Пераказы, дыктантыВодбліскі далёкіх бліскавіц

Пераказы, дыктантыСцежкі зубрыныя

Пераказы, дыктантыСкрозь стагоддзі

Пераказы, дыктантыБелавежа