Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Танец жураўлёў

   Быў сіні золак світанку. З сінечы ўжо досыць выразна выступалі абрысы прыбярэжнага кустоўя за Бярозай, ляшчынніку за дубам і густой сцяны лесу. Раптам у гэтай сінечы пачулася такое ўрачыстае, заклікальна-высокае, што ажно стрэлы халадочку стральнулі па спіне:
   – Ку-у-ур-р-р...у-у-р-р...
   Прагучала паміж небам і зямлёю, быццам скацілася з сіняга воблачка за лесам і загайдалася над затуманенаю золакам ракою. Памыліцца было нельга – то, безумоўна, крык жураўлёў. Крык быў няпоўны, незакончаны, у ім не хапала таго завяршэння, да якога мы так прывыклі, праводзячы жураўлёў восенню і сустракаючы вясною.
   Ступаючы ледзь не на пальчыках, я накіраваўся ў бок пачутага крыку. Тое, што я ўбачыў, апынуўшыся на другім краі ляшчынніку, было настолькі нечаканае, што можна было падумаць: а ці не сон гэта, а калі не сон, дык ці не дзівосная казка?
   На беразе азярынкі, быццам у няспынным урачыстым карагодзе, кружылася мноства жураўлёў. Спачатку я ўбачыў адны іх галовы: світальны туманок, наплыўшы ад ракі, схаваў на той момант птушыныя постаці. Але ад лёгкага ветрыка туман час ад часу рассцілаўся белым абрусам па зямлі, і тады на тым абрусе паўставалі перад вачамі зграбныя, урачыстыя жураўліныя пары. Пары – крыло да крыла – адна за адною чынна выступалі на адкрыты бераг азярынкі.
   Неяк дзіўна было верыць, што гэта твораць тут свой неверагодны танец самыя звычайныя птахі. Шэра-папяловыя постаці іх здаліся спачатку надта высокімі – яны як бы плылі над зямлёю. Але гэта і папраўдзе было так: прытанцоўваючы доўгімі тонкімі нагамі, жураўлі неяк зусім загадкава, амаль не махаючы крыллем, раз-пораз адрываліся ад зямлі, узнімаліся, плылі над куп’істым долам. І таму, што праз роўныя прамежкі часу так рабіла кожная пара, здавалася, што гэта не жураўлі, а нейкія падобныя да іх чароўныя істоты велічна снуюць па беразе азярынкі. І столькі было радасці ва ўсім іх песенна-танцавальным свяце, што цяжка было ўстрымацца. Эх, каб сарвацца з месца і кінуцца ў іх чароўнае кола, каб і самому разам з імі вось так кружыцца над лугам і крычаць, крычаць пра шчасце спаткання з роднай вясновай зямлёю!..
(320 слоў)

Паводле К. Кірэенкі

 

Похожие статьи:

Янка БрыльПтушкі i гнёзды. Сцюдзёны вырай. Аповесць першая

Янка БрыльРаман Янкі Брыля "Птушкі і гнёзды". Вобраз Алеся Руневіча

Янка БрыльУвесь свет — адзін дом (па раману Янкі Брыля "Птушкі i гнёзды")

Пераказы, дыктантыПтушкі шчасця

Янка БрыльПтушкі i гнёзды. Гнёзды за дымам. Аповесць другая