Са шматлікіх талентаў Караткевіча ўсе, хто добра ведаў яго, цанілі яшчэ адзін – талент сяброўства. Народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў сказаў, што Караткевіч быў рыцарам чалавечага духу. У сяброўстве ён таксама быў рыцарам, верным, самаахвярным, гатовым заўсёды падзяліцца як апошняй скарынкай, так і ўсім багаццем сваёй натуры. Характэрная Караткевічава рыса: ён ніколі не выказваўся адмоўна пра сваіх сяброў і забараняў іншым гаварыць пры ім хоць нешта благое пра адсутных. Ён вельмі рэдка ўжываў спосаб гаворкі "паміж намі" і то – не пра сяброў. Трэба было моцна папрацаваць супраць Уладзіміра Сямёнавіча, ужываючы непрыстойныя прыёмы, каб узрушыць яго, прымусіць даць адпор. Пры гэтым ён быў вельмі датклівы, адчувальны да крыўды, тонкія даспехі безумоўнай інтэлігентнасці слаба абаранялі яго ад чорнай зайздрасці, помслівасці, зласлівай крытыкі, сам ён гэткай погані быў пазбаўлены начыста. Напярэдадні апошняга падарожжа сказаў: "Чалавек, які робіць крыўду другому, урэшце рэшт крыўдзіць сябе".
Ён дзяліўся сяброўствам са шматлікімі людзьмі: пісьменнікамі, мастакамі, кінематаграфістамі, артыстамі, настаўнікамі, навукоўцамі, журналістамі – гэта па працы, "па інтарэсах", як кажуць. Але меў сяброў з іншых і часам нечаканых колаў, не праводзячы паміж імі мяжы, бо цаніў перш за ўсё людскасць. Сябраваў са старэйшымі за сябе і маладзейшымі, да тых і другіх ставіўся аднолькава прыязна, з усімі быў "на ты", цярпець не мог, калі сябар звяртаўся да яго з залішняй павагаю.
Мы здружыліся ў чэрвені 1969 года, калі "Маладосць" наладзіла нам экспедыцыю на Палессе. Магчыма, слова "экспедыцыя" занадта ёмкае (у навуковым сэнсе): мы ўладкаваліся на агітцеплаход "Уладзімір Маякоўскі", ва ўтульную каюту, нас везлі, а мы пазіралі, камфорту ставала, бракавала самадзейных маршрутаў і самастойнасці. Хутка мы зразумелі, як не трэба падарожнічаць, і катэгарычна вырашылі пакінуць утульны борт "Маякоўскага", рызыкнуць на сапраўдныя прыгоды. Паспелі да таго часу прайсці Сож ад Гомеля да Лоева, па Дняпры – да Кіеўскага вадасховішча, Прыпяць – да Гарыні. У Давыд-Гарадку высадзіліся на сушу.
(293 словы)
Паводле В. Ждановіча
Похожие статьи:
Ядвіга Бяганская → Ядвіга Бяганская - Сябры
Пераказы → Самыя блізкія сябры
Анатоль Грачанікаў → Анатоль Грачанікаў - Дружбакі
Пераказы → Яблыкі
Пераказы → Сяброўства (Паводле Я. Маўра)