Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Яблыкі

   Бывае сяброўства між роднаснымі душамі, калі разам хораша нават і памаўчаць. Гэта сяброўства залатое, апетае ў паэзіі ды прозе яшчэ са старажытных часоў.
   Бывае сяброўства, крута замешанае на спаборніцтве, калі адзін аднаго падбухторвае, і штурхае, і піхае далей, калі кожны – дзеля ўвагі другога – здольны на многае.
   Але ўсе дзеці ведаюць, што ёсць яшчэ сяброўства дзеля зручнасці. Гэта сяброўства меднае. Ды і медзь тая, трэба сказаць, не самага лепшага гатунку: паспрабуеш на зуб – і зломіцца.
   Маргарыце і Наталцы не пашчасціла. Яны вучыліся ў адным класе і жылі амаль побач. Гэта быў прысуд. Бацькі вырашылі ўсё за іх.
   – Як цудоўна! – з імпэтам казалі яны. – Будзеце сябраваць!
   Адна адной дзяўчаты не вельмі падабаліся. Але «сябравалі»: хадзілі разам у школу і разам жа вярталіся. Размаўлялі мала, бо асабліва не было пра што.
   Яблыкі Наталка заўсёды брала з сабою ў школу, чырванашчокія, пекныя, духмяныя. Задуменна хрумкала, пакуль яны вярталіся дамоў. Толькі аднойчы, надкусіўшы яблык, Наталка неяк схамянулася, вохнула і пачала корпацца ў кішэні школьнай торбы.
   – У мяне ж яшчэ адзін ёсць, – сказала вінавата.
   Маргарыта здзіўлена падняла бровы, а Наталка між тым працягвала:
   – Вось гэты, – паказала на далоні надкусаны яблык, – зімні, не такі смачны. А вось гэты, – жэстам фокусніка дастала яшчэ адзін, – ну такі салодкі, такі салодкі, ты проста не ўяўляеш!
   Усміхнулася сонечна і з хрубасценнем адкусіла ад знойдзенага незвычайна салодкага яблыка ледзь не палову. Так і ела адразу два, падносячы іх па чарзе да рота і адмыслова працуючы сківіцамі. Паглядала на Маргарыту са спакойнай, шчаслівай усмешкай.
   І два гэтыя непамерныя яблыкі ў яе руках, і выпацканы яблычным сокам твар былі такімі смешнымі, што Маргарыта ўсміхнулася ў адказ.
   Ланцуг навязанага сяброўства перарваўся даўно. Але памяць пра дзяўчынку з яблыкамі жыве ў Маргарыты дасюль.
   Сапраўды, медзь каштоўная хоць бы тым, што дзякуючы ёй пачынаеш разумець цану і срэбра, і золата.
(290 слоў)

 

Похожие статьи:

Ядвіга БяганскаяЯдвіга Бяганская - Сябры

Вячаслаў АдамчыкВячаслаў Адамчык - Салодкія яблыкі

Вячаслаў АдамчыкВячаслаў Адамчык - Салодкія яблыкі - ГДЗ

Анатоль ГрачанікаўАнатоль Грачанікаў - Дружбакі

Пераказы, дыктантыЯблыкі