Двойчы ў 1860 годзе замаляваў Орда месца свайго нараджэння, родную сядзібу Варацэвічы. На малюнках адлюстраваны аднапавярховы прамавугольны ў плане драўляны дом на дзве палавіны, з традыцыйным чатырохкалонным порцікам-ганкам па цэнтры франтальнага фасада, невялікай мансардай над ім. Перад домам парадны двор, за ім пейзажны парк. Такая сядзіба дробнапамеснага шляхціца была тыповай і найбольш распаўсюджанай на Беларусі, пра што зноў-такі сведчаць і іншыя малюнкі Орды. Здаецца, што сэрцу мастака бліжэй менавіта гэтыя ўтульныя фальваркі са сціплым жыллём, паркавымі прысадамі, гаспадарчымі пабудовамі.
Серыя малюнкаў Н. Орды з’яўляецца абагульненай ілюстрацыяй беларускай вёскі сярэдзіны ХІХ стагоддзя, на якой народнае драўлянае дойлідства перададзена мастаком з вялікай трапнасцю і захаваннем нацыянальнага каларыту. Перад намі паўстаюць маляўніча раскінутыя ўздоўж рэк і азёр беларускія паселішчы з хатамі, накрытымі саламянымі стрэхамі, з драўлянымі храмамі і званіцамі, млынамі і ветракамі, калодзежамі-жураўлямі і іншымі вясковымі збудаваннямі.
Але найбольш шырока ў творчасці мастака прадстаўлена гарадская архітэктура (больш за 30 малюнкаў). Па шэрагу гарадоў створана шырокая панарама шматстылёвай мураванай забудовы ХІХ стагоддзя. У гэтай серыі малюнкі гарадоў Гродна, Віцебска, Мінска, Магілёва, Полацка, Пінска, Навагрудка, Нясвіжа, Турава, Свіслачы. На малюнках Орда амаль ніколі не абагульняў гарадскую забудову: кожны будынак надзелены вызначанай індывідуальнай характарыстыкай, вулічныя панарамы пададзены з вострых ракурсаў з вылучэннем архітэктурных дамінант.
З асаблівым замілаваннем перад сівой мінуўшчынай Орда замалёўвае старажытныя замкі, многія з якіх ужо ў той час ляжалі ў руінах. На двух малюнках зафіксаваны сусветна вядомы помнік абарончага дойлідства – Камянецкая вежа ў сваім першапачатковым выглядзе без пазнейшай рэстаўрацыі і атынкоўкі. З рамантычнай настальгіяй мастак адлюстроўвае Стары і Новы замкі ў Гродна, замкавую рэзідэнцыю Ільінічаў у Міры. На малюнках Орды мы бачым старажытныя беларускія замкі ў Крэве, Геранёнах, Лідзе, Навагрудку, Караліне пад Пінскам і іншыя.
(267 слоў)
Паводле А. Кулагіна
Похожие статьи:
Пераказы → Сумленны патрыёт
Пераказы → Напалеон з Беларусі
Пераказы → Недасяжная
Пераказы → Язэп Драздовіч
Пераказы → Мастацтва служэння дабру