Урачыста-жалобны гук хатынскіх званоў днём і ноччу разносіцца па Беларусі. Некалі глухая, нічым не прыкметная вёсачка стала народным помнікам, вобразным увасабленнем жалобы і гераізму беларусаў у іх нечуванай напружанай барацьбе з захопнікамі.
Кожны народ ганарыцца перамогамі, атрыманымі падчас барацьбы за свабоду і незалежнасць Радзімы, і свята шануе памяць пра тых, хто загінуў у імя гэтых перамог. Сімвал бязмерных выпрабаванняў беларусаў – Хатынь, якая прадстаўляе некалькі соцень беларускіх вёсак, знішчаных у гады вайны разам з іх жыхарамі.
Крывавая трагедыя гэтага ляснога паселішча адбылася 22 сакавіка 1943 года, калі атрад нямецкіх карнікаў нечакана акружыў вёску. Фашысты сагналі хатынцаў у хлеў і падпалілі яго, а тых, хто хацеў уратавацца ад агню, расстралялі з кулямётаў. Сто сорак дзевяць чалавек, з іх семдзесят пяць дзяцей, назаўсёды засталіся ў гэтай жахлівай магіле.
Сонечны сакавіцкі дзень сорак трэцяга года аказаўся апошнім днём Хатыні, але страшны лёс яе, як і многіх іншых вёсак Беларусі, быў вызначаны задоўга да яе гібелі.
Паводле плана «Ост», прынятага фашысцкім камандаваннем у 1941 годзе, тры чвэрці беларусаў прадугледжвалася выселіць з іх тэрыторыі, а астатніх анямечыць, ператварыўшы ў маўклівых нявольнікаў нямецкіх каланістаў.
Але беларускі народ праявіў такую самаахвярнасць і гераізм, што яшчэ ў пачатку вайны нарабіў нямала клопату кіраўніцтву фашысцкай Германіі.
Айчынная вайна на Беларусі сапраўды з’явілася вайной агульнанароднай з яе першага дня і да самай перамогі. Фронт барацьбы з гітлераўцамі праходзіў у кожнай ваколіцы, па кожным падворку, па сэрцах і душах людзей.
Беларускі народ у самы кароткі тэрмін сфарміраваў паўмільённую партызанскую армію, узброіў яе, забяспечыў харчамі і адзеннем. Немцы вельмі хутка зразумелі, што гэты невялікі і міралюбівы народ выселіць з яго тэрыторыі не ўдасца ні пры якіх абставінах, як і не атрымаецца анямечыць. І акупанты ўзялі пачварны курс на яго ліквідацыю. Тры гады няспынна гінулі людзі, і гэта была цяжкая плата народа за сваю незалежнасць, якая абышлася Беларусі ў два мільёны дзвесце трыццаць тысяч чалавечых жыццяў.
(306 слоў)
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Праўда-памяць
Барыс Сачанка → Барыс Сачанка - Дарога праз лес
Сучасная літаратура Беларусі → Тэма Вялікай Айчыннай вайны ў сучаснай беларускай прозе
Іван Шамякін → Іван Шамякін - Алёша-разведчык
Мікола Гіль → Мікола Гіль - Партызанскі фотаздымак