Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Сумленны патрыёт
Многа славутых і таленавітых людзей дала свету беларуская зямля. Адных мы ведаем добра, другіх – менш, але кожны заслужыў права на ўдзячную памяць нашчадкаў. І сярод гэтых людзей мы павінны сёння згадаць імя нашага слыннага земляка Напалеона Орды – кампазітара, мастака, музыканта, чыё жыццё і дзейнасць на карысць беларускай культуры і мастацтва застануцца прыкладам шчырага служэння народу і радзіме.
Нарадзіўся Напалеон Орда ў 1807 годзе ў фальварку Варацэвічы, што каля гарадка Іванава на Брэстчыне. Яго бацька, Міхал Орда, працаваў інжынерам, будаваў дарогі, масты, асушальныя каналы. Небагаты шляхецкі дом Ордаў адрозніваўся ад іншых навакольных тым, што тут любілі літаратуру, музыку, мастацтва. Бацька выдатна маляваў, маці была добрай піяністкай і з дзяцінства вучыла сына іграць на фартэпіяна.
Напалеон Орда, скончыўшы Свіслацкую гімназію, паехаў вучыцца ў Віленскі ўніверсітэт. Яго залічылі студэнтам фізіка-матэматычнага факультэта. Год 1823-і ўвайшоў у гісторыю навучальнай установы трывожнай падзеяй: была ўчынена расправа над тайным студэнцкім таварыствам філаматаў. Большасць членаў таварыства, у тым ліку Адама Міцкевіча і Яна Чачота, выслалі ў глыбінныя губерні Расіі. Але канчаткова задушыць рэвалюцыйны дух не ўдалося: ва ўніверсітэце працягвала існаваць тайная суполка «Заранне». Сціплы студэнт з Палесся таксама аказаўся ў гэтым ланцужку. Пасля нядоўгага расследавання яго выключылі з універсітэта і пасадзілі ў турму. Праўда, адбыў тэрмін адносна нядоўгі – год і тры месяцы – і пасля вызвалення вярнуўся ў родныя Варацэвічы і заняўся самаадукацыяй.
Не застаўся Орда ў баку ад паўстання 1830 года і пасля яго падаўлення вымушаны быў эмігрыраваць у Заходнюю Еўропу. Трапіў у Парыж, які на той час зрабіўся цэнтрам польскай рэвалюцыйнай эміграцыі. Жылі ў Парыжы Адам Міцкевіч і Фрыдэрык Шапэн, з якімі Напалеон Орда хутка пазнаёміўся.
Паколькі кар’ера ваеннага Орду не цікавіла, ён вырашыў вучыцца і музыцы, і жывапісу, бо раздзяліць свае захапленні было цяжка. Стаў браць урокі жывапісу ў парыжскага мастака П’ера Жырара. Адначасова і з не меншай ахвотай вучыўся музыцы і кампазіцыі ў Шапэна. Яны часта разам музіцыравалі ў салоне мадам Жорж Санд, дзе збіраліся лепшыя дзеячы Еўропы. Праслаўлены кампазітар Франц Ліст, пачуўшы ігру Орды, высока ацаніў яго талент і параіў яму сур’ёзна заняцца кампазіцыяй. Напалеон сачыняе паланэзы, мазуркі, вальсы, фартэпіянныя п’есы і сам выконвае іх.
Пасябраваў Орда і з Адамам Міцкевічам. Паэт часта выступаў з чытаннем сваіх твораў перад суайчыннікамі-эмігрантамі, і яго чытанні часта суправаджаў ігрой на фартэпіяна Напалеон Орда.
Адначасова развіваўся і другі бок таленту Орды. Пад уплывам свайго настаўніка Жырара ён дасканала авалодаў тэхнікай і майстэрствам рысавальшчыка, што асабліва выявілася ў жанры архітэктурных пейзажаў. Орда становіцца мастаком-вандроўнікам.
Ён аб’ехаў амаль паў-Еўропы, кожны раз прывозячы з падарожжаў сотні малюнкаў, акварэляў, у якіх захоўвалася дакументальная дакладнасць аб’екта і праяўлялася высокае майстэрства пейзажыста.
Хоць парыжскае жыццё Орды не было бедным, але яго ўвесь час цягнула на радзіму. І такая магчымасць надышла: новы расійскі імператар Александр ІІ аб’явіў амністыю многім палітычным зняволеным, у тым ліку ўдзельнікам паўстання 1830 года. І Орда прыехаў у свой родны край! Яго захапіла ідэя стварыць галерэю архітэктурных пейзажаў: помнікаў, адзначаных падзеямі айчыннай гісторыі, родных мясцін знакамітых асоб, старых сабораў, замкаў Беларусі. Захацелася перадаць прыгажосць і культуру роднага краю ў малюнках.
За многія гады паездак, экспедыцый па Беларусі Орда стварыў сотні архітэктурных пейзажаў, замалёвак, акварэляў, выдаў аж дзевяць альбомаў. Малюнкі Орда суправаджаў ёмістымі, змястоўнымі тэкстамі.
У некралогу на смерць Напалеона Орды паэт Адам Плуг пісаў: «Гэта быў пісьменнік, мастак і музыкант, але перш за ўсё сумленны патрыёт, які вельмі любіў свой край».
(542 словы)
Паводле Л. Пракопчыка