Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Старога вераб’я на мякіне не ашукаеш

   За аканіцаю кожнае лета пара вераб’ёў мосціць гняздо. І кожнае лета там выводзяцца птушаняты. Калі верабейчыкі трохі падрастуць, яны голасна ціўкаюць – патрабуюць ежы. Старыя вераб’і ледзь паспяваюць іх карміць.
   Іншыя птушкі ў садзе не гняздзіліся, бо шэрая гаспадарова кошка заўсёды знішчала птушанят. Яна паласавалася б і вераб’ямі, каб магла іх дастаць. Часам спрабуе засунуць лапу за аканіцу, але выцягнуць птушаня з гнязда не ўдаецца: лапа не дастае. Пасядзіць яна на аканіцы ды пойдзе.
   За два метры ад акна яблыня расце. Вераб’і перш чым ляцець у гняздо, спачатку садзіліся на яблыню і, калі бачылі, што кошкі няма паблізу, пырхалі за аканіцу.
   Аднойчы кошка, відаць, вырашыла іх перахітрыць. Яна ўзлезла на яблыню і затаілася на галіне. Прыляцеў верабей з вусенем у дзюбе, сеў на галінцы яблыні і свіснуў. Птушаняты адгукнуліся дружным ціўканнем. Кошка ў гэты момант напружынілася і ўжо сабралася скокнуць, каб схапіць вераб’я. Але той заўважыў драпежніка і адрывіста ціўкнуў, не выпусціўшы пры гэтым з дзюбы вусеня. Птушаняты змоўклі як па загадзе. Кошка не скокнула. Яна, мабыць, зразумела, што не паспее схапіць птушку, і павольна-павольна папаўзла па галіне да вераб’я. А той, смяляка, забегаў туды-сюды па галіне, ціха цвыркнуў, нібыта сказаў: «Ну, скачы, хапай мяне!»
   Кошка пільна сачыла за кожным рухам вераб’я. Яна сантыметр за сантыметрам набліжалася да птушкі.
   Тут верабей таксама пачаў хітраваць. Ён па галінцы крыху адбег ад кошкі. Тая папаўзла хутчэй. Верабей яшчэ адбег і апынуўся на самым краёчку тоненькай галінкі. Кошка ўсё бліжэй і бліжэй. Верабей не злятаў з галіны і нібыта дражніў: «Ну, хутчэй скачы, хапай мяне!»
   І кошка скокнула. Але ў той самы момант, калі яна адарвалася ад галіны, верабей узмахнуў крыламі.
   А кошка? Яна не змагла ўхапіцца кіпцюрамі за тонкую галінку і паляцела на зямлю. У бульбоўніку злосна мяўкнула і павольна пайшла прэч.
   Адразу ж вярнуўся верабей, сеў на тую ж галінку, некалькі разоў запар моцна цвыркнуў, усё роўна як кінуў кошцы наўздагон: «Старога вераб’я на мякіне не ашукаеш». І паляцеў у гняздо. За аканіцаю зноў голасна ціўкалі-крычалі птушаняты, патрабуючы есці.
(335 слоў)

Паводле З. Бяспалага

 

Похожие статьи:

Станіслаў ШушкевічСтаніслаў Шушкевіч - Колькі кіпцікаў у кошкі

Станіслаў ШушкевічСтаніслаў Шушкевіч - Белыя панчошкі

Пераказы, дыктантыМурчына перамога

Пераказы, дыктантыДва позіркі на Пусю

Эдуард ВаласевічЭдуард Валасевіч - Алёшка і Кошка