Не вытрымала, згарэла помпа на калгаснай вадакачцы, стаміўшыся шукаць ваду, што глыбока хавалася ў нетрах зямных. Не стала вады ў калонках – і людзі ў роспачы кінуліся да студняў. Зразумела, трэба неяк жыць, гадаваць жывёлу, варыць есці сабе. Без вады няма жыцця. Успомнілі людзі пра студні, а тых у вёсцы, аказалася, кот наплакаў. Не хапіла ўсім вадзіцы, і павялі людзі між сабою войны. Паўспаміналі, хто і калі які калодзеж капаў, за чыім плотам ён стаіць, хто вядро навязваў, хто калі чысціў дно альбо латаў зруб. Нечуванае дасюль пачалося ў вёсцы: мацнейшыя праганялі слабейшых ад студняў, не давалі ім узяць вады, навешвалі на зрубы надзейныя пудовыя замкі, каб толькі сусед вады не набраў. Вадзіца стала каменем – каменем спатыкнення: сутыкнула лбамі суседзяў, пасеяла варожасць паміж сваякамі. Здаралася нават, што гаспадар, убачыўшы ля студні суседа ці, не дай Бог, каго з прышлых, і асабліва слабейшага, бег напярэймы, выліваў яго вёдры, хоць сабе і на зямлю. Пудовыя замкі навесілі людзі і на душы свае, і ўжо баяліся хадзіць па ваду: а ці кралі яе па начах, а ці ўдзень прасілі, як міласціну.
І толькі старая студня не ведала, што такое замок. Была яна нічыйная. Капалі яе даўно, мо з паўвека таму, для школы капалі, глыбокую, на дзевяць метровых кольцаў. Удалае выбралі месца, акуратна склалі кольцы – спрытная атрымалася студня, і дагэтуль не было такога, нават самага засушлівага, лета, каб тут не пялёхалася сцюдзёная – ажно зводзіла сківіцы – крынічная вадзіца. Студня заўсёды ганарылася сваёй вадою, радавалася, што яе, старую, шанавала і помніла ўся вёска. І нават цяпер, калі вада не паспявала набягаць і чвэрткі вядзерца нельга было зачэрпнуць, студня ўсё роўна радая была кожнаму, хто прыходзіў да яе пакланіцца.
(271 слова)
Паводле У. Міхно
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Наш каштоўны дар
Віктар Гардзей → Віктар Гардзей - Каламутная вада
Пераказы, дыктанты → Сіла зямлі
Зялёны лісток на планеце Зямля → Наша вада
Янка Маўр → Янка Маўр - Сын вады