Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Наша вада

   Беларусь называюць сінявокаю. Гэта ад мноства вады на нашай зямлі— калі падняцца ў космас ці хаця б зірнуць на яе з-пад крыла самалёта, кожны ўбачыць, як яна ўся ўпрыгожана сінімі вачамі-люстэркамі азёр і спавіта блакітнымі стужкамі рэк.
   На Беларусі 20 800 рэк і рэчак і 10 800 азёраў. Толькі на адной Віцебшчыне дзве з паловаю тысячы азёраў! А ў Браслаўскім і Ушацкім раёнах пад азёрамі знаходзіцца дзесятая частка ўсёй іхняй тэрыторыі.
   Нашы рэкі часам бяруць свой пачатак не на зямлі, а ў небе: іх нараджаюць хмары. Ападкі ў выглядзе дажджу і снегу, калі ён растае, становяцца вытокамі нашых рэк і рэчак.
   Але беларускія рэкі пачынаюцца не толькі з неба, але і з падземных вод — б’е, пульсуе з-пад зямлі маленечкая крынічка, а ад яе завязваецца, пачынае журчаць такі ж самы маленькі ручаёк. Бывае, што нашы рэкі нараджаюцца ў азёрах, а то і ў балотах.
   А рака Свіслач, як мяркуюць легенды, нараджаецца са слёз нашай княгіні Рагнеды, якія ператварыліся ў чыстыя крыніцы.
   Якраз у Беларусі знаходзіцца водападзел паміж Чорным і Балтыйскім морамі, які падзяляе нашу тэрыторыю на два схілы — чарнаморскі і балтыйскі. Гэты водападзел праходзіць праз паўночна-заходняе Палессе, па Капыльскай градзе, Мінскім і Аршанскім узвышшах. Адны рэкі сцякаюць па адзін бок водападзелу, іншыя — па другі. Часам некаторыя рэкі гэтых двух басейнаў бяруць свой пачатак амаль побач, усяго ў некалькіх кіламетрах адна ад адной. I нашу ваду яны размяркоўваюць між сабою амаль пароўну: палавіну — у адно мора, палавіну — у другое. Нёман і Дзвіна ўпадаюць у Балтыйскае мора, а Дняпро — у Чорнае. Значыць, сабраная на Беларусі вада штодзень, штогод папаўняе як Чорнае, так і Балтыйскае мора. А гэта ж каля 60 кубічных кіламетраў сцёку ў год! Таму абодва басейны— і халодны і цёплы — ужо робяцца і нашымі морамі!
   Да прыкладу, якраз на Беларусі Дняпро, сабраўшы даніну з нашых руплівых мнагаводных рэк— з Прыпяці, Бярэзіны і Сожа, якія ў сваю чаргу папаўнелі ад сваіх прытокаў — Ясельды, Гарыні, Цны, Пцічы, Свіслачы, Убараці, Проні, Случы, Бесядзі, што сабралі ваду амаль з усёй Беларусі, робіцца магутнаю ракою. Так што беларусы, плаваючы ў Чорным моры, могуць цешыць сябе думкаю, што купаюцца яны і ў сваёй роднай вадзе — 56 беларускіх прытокаў Дняпра не даюць гэтаму цудоўнаму цёпламу Чорнаму мору абязводжвацца.
   Амаль усе нашы азёры, асабліва на поўначы Беларусі, падараваў нам ледавік, які ссунуўся на нашу зямлю са Скандынавіі ды і растаў у нас. Мусіць, спадабалася яму на Беларусі, і ён застаўся з намі назаўсёды. Вадою.
   Катлаваны беларускіх азёр найчасцей ледавіковага паходжання. Растаў лёд паміж марэннымі градамі — і ўтварыліся запрудныя азёры Нарач, Асвейскае, Дрысвяты. Вадаспадам сцякала з ледавіка вада ў вертыкальныя шчыліны, вымываючы невялікія, але глыбокія, да 30 метраў, катлаваны, і там наліліся сінявою азёры. Адступіў ледавік, пакідаючы пасля сябе лінзы лёду ў марэнных адкладах, — гэтыя лінзы потым таксама раставалі і ператвараліся ў прыгожыя лінзы вады. На берагах азёр Віцебшчыны нават у мінулым стагоддзі шведскія вучоныя знаходзілі палярныя расліны. А рыбы сялява і сняток — рэлікты ледавіковай эпохі — і сёння жывуць у нашых самых глыбокіх азёрах.
   Самыя глыбокія азёры на Беларусі: Гінькава, Волас, Трошча, Саро, Вечалле, Пліса, Крывое, Круглік і іншыя. Іх глыбіня ад 30 да 50 метраў, а возера Доўгае — найглыбейшае з глыбокіх: 53,7 м.
   Самыя прыгожыя — Браслаўскія азёры. Іх у нас называюць блакітнымі каралямі Беларусі. У Браслаўскім Міжазёрным дзяржаўным ландшафтным заказніку можна палюбавацца ўсімі краявідамі Беларускага Паазер’я.
   Самыя вялікія— Асвейскае, Чырвонае, Лукомскае, Нешчарда, Выганаўскае, Свір. А возера Нарач нават мае плошчу каля 80 кв. км. Нездарма ж мы яго называем сваім морам. I тут жа дадаём: «Нарач — дзіця акіяна». I яно зразумела — вельмі ж нам хочацца мець свой акіян, хоць вось такім чынам далучыцца да яго!
   У нас ёсць яшчэ адно мора — Мінскае! Яго мы зрабілі самі. Сваімі рукамі. Яно рукатворнае. Паставіш плаціну на рацэ Свіслач — і вось маем за горадам, пад бокам у сталіцы 31 кв. км вады ўшыркі (такая плошча возера), 10 км даўжыні, 9 м глыбіні. Мора!
   Беларусь мае падземныя рэкі і ручаі. Мае вялікія азёры пад зямлёю — прыродныя сховішча чыстай пітной вады. I мінеральныя крыніцы— мы разведалі ўжо 87 відаў каштоўнай мінеральнай вады па ўсёй Беларусі. Гэтыя крыніцы — невычарпальнае багацце нашага здароўя, нашай сілы і моцы.
   Ды і самая звычайная наша вада — лекавая. Большасць насельніцтва Беларусі карыстаецца пітной вадою з падземных вадазабораў. А артэзіянская вада, паднятая да нашага стала з глыбіні ад 60 да 400 метраў, не патрабуе ніякай ачысткі — яна і без гэтага чыстая і светлая, як крышталь.
   Дождж — наша вада. Снег— наша вада. Лёд — зноў жа наша вада.
   Калодзежы — таксама наша вада. Раней Беларусь нават не ўяўлялася без калодзежаў і асвераў, што заўсёды і ўсюды схіляліся над імі. Гэта спрадвеку з’яўлялася нашымі звычайнымі пейзажамі.
   Свае калодзежы і ваду ў іх беларусы надзялялі статусам святасці і чысціні. Асабліва лекаваю была калодзежная вада напярэдадні свят — Ражства Хрыстова, Вадохрышча, Стрэчання. Такой вадою мы паілі хворых, у ёй купалі дзяцей, умываліся самі. Мы лічым, што каб карова прыбавіла малака, трэба напаіць яе вадою з трох калодзежаў. А вясельны каравай ужо замешвалі на вадзе з сямі калодзежаў.
   Мы і цяпер верым: у кожным калодзежы жыве дух — ахоўнік чалавека — вадзянік.
   Даўней калодзежы называліся у нас студнямі. Бо ў іх нашы продкі студзілі малако, каб яно не ўкісла. Студзілі ўсе свае напіткі — хмельныя, і не хмельныя: дастанеш, прыгубіш — аж зубы заходзяцца...
   I звычайныя балоты — наша вада. Тры воднабалотныя ўгоддзі Беларусі, што складаюць адзін працэнт тэрыторыі краіны, першымі былі ўключаны ў сусветны спіс найбольш каштоўных. Гэта заказнікі «Спораўскі», «Сярэдняя Прыпяць» і «Альманскія балоты». Крыху пазней у той жа спіс далучылі і заказнікі «Ельня», «Асвейскі», «Котра», «Дзікае» і «Званец».
   Кажуць, што лёгкія Еўропы схаваныя на дне нашых палескіх балот. Бо адзін гектар балота забірае з атмасферы вуглякіслага газу ў 10 разоў больш, чым адзін гектар лесу ці лугу. Беларускія балоты ўзбагачаюць паветра Зямлі кіслародам.
   1 мільён 200 тысяч гектараў у нас ужо асушана. Але ж У беларускім Палессі яшчэ засталося 1 мільён 706 тысяч гектараў неасвоеных балот. Яны жывуць, працуюць, ачышчаюць паветра.
   I пакуль нашы балоты ёсць — Еўропа можа спакойна дыхаць.
   I людзі, і жабы, і птушкі могуць жыць спакойна.
   Бо нашы буйнейшыя ў Еўропе балоты, што захаваліся ў натуральным стане, з’яўляюцца важнейшым месцам узнаўлення 16 відаў птушак, якія амаль зніклі ў Еўропе, — у іх жыве 50 працэнтаў сусветнай папуляцыі вяртлявай чарацянкі і больш за 10 працэнтаў еўрапейскай папуляцыі вялікага падорліка, якія ў іншых краінах занесены ў Чырвоныя кнігі.
   Мы далучыліся да Рамсарскай канвенцыі, якая ставіць сабе за мэту захаванне ў планетарным маштабе водна-балотных угоддзяў і выжыванне ў іх рэдкіх птушак і раслін.
   Але ж вада — яшчэ і наша энергія. Гэта нашы млыны, гэта нашы электрастанцыі
   Уся наша вада — жывая вада.
   Аднак ёсць у нас і святая вада. Святыя крыніцы. Яны нашы лекары і супакаяльнікі. Напіўся святой вады — і ўжо нічога не баліць. Напіўся са святой крыніцы — і ты ўжо здаровы.
   Беларусы заўсёды паважалі ўсе свае крыніцы, а святыя — як найболей. Яны называліся ў нас яшчэ прошчамі, людзі маліліся ім, прасілі здароўя. Купалі ў іх хворых дзяцей, і тыя выздараўлівалі.
   Жывую ваду нараджалі толькі крыніцы!
   Паблізу крыніц людзі ўзводзілі храмы — каля такой крыніцы, якая жыве і цяпер, пабудавана, да прыкладу, і Полацкая Сафійка, сусветна вядомы шэдэўр нашага дойлідства.
   А Блакітная крыніца каля вёскі Клінцы, што на Слаўгарадчыне, у якой дзень і ноч бурліць блакітнавата-смарагдавая вада!
   А Святая крыніца ля падножжа Святаянскай гары паблізу вёскі Смаляры, што на Барысаўшчыне, дзе з даўніх часоў святкуюць Купалле!
   А крынічка, з якой выцякае рака Вілія, дзе стаіць язычніцкі Сцёб-камень, дзе было свяцілішча хутчэй за ўсё ў гонар багіні ўрадлівасці Берагіні!
   Дарэчы, нярэдка нашы крынічкі якраз і з’яўляюцца пачаткам нашых рэк і рэчак.
   Да крыніц мы хадзілі і ў святы, і ў будні. Іхняя «жывая» вада змывала нашы хваробы, нагаворы, спалох, сурокі, нечаканы смутак. Да жывой вады мы спяшаліся прыйсці да ўсходу сонца — пакуль над ёю не праляцела ніводная птушка: нечапаная вада, верылі мы, валодае самаю гаючаю сілаю.
   Ля святых калодзежаў мы варажылі, ля святых крыніц прасілі сваім нівам дажджу. У крыніцах не мылі бялізну, не кідалі ў іх смецце.
   Мы спрадвек пакланяліся вадзе — рэкам, азёрам, крыніцам, студням. Пакланяліся як Багам. Чаго не разумелі і чаму здзіўляліся нашы госці: «славяне вероваша кладзезем н рекам».
   А мы ўсё роўна верылі крыніцам — у беларусаў здаўна быў культ вады. Вадзе мы прыносілі ахвярапрынашэнні: балоту пасля ўдалага заканчэння палявых работ аддавалі сваё рала, рацэ — каменную сякеру, крыніцы — сваю ежу.
   I крый Бог, каб хто плюнуў калі ў крыніцу — гэта ж усё роўна, што плюнуць у вочы маці! Нашы крыніцы былі нашымі прошчамі. Ведаючы, што іхняя вада мае надзвычайную сілу, мы прасілі ў іх даравання і здароўя. I ў Сіняй крыніцы каля Слаўгарада, і нават у возера Свіцязь, якое таксама было нашай прошчаю.
   Свае студні і крыніцы мы называлі з павагаю і надзеяй: Божы калодзеж, Князь-калодзеж, крыніцы Здаравец, Берагіня, Святая...
   А студня ў Тураве, выкапаная самім міфічным князем Турам, верылі мы, мае тры дны — залатое, сярэбранае і меднае. Калі прарвецца меднае, вада затопіць Тураў, сярэбранае — Тураўшчыну, залатое — усю зямлю...
   I раса — таксама наша вада. Калі яна буйная, стросшы кропельку з лістка ці з усяе сцяблінкі ў далонь, яе нават можна напіцца... Здаецца, і з расы часам пачынаюцца нашы рэкі і азёры.
   А яшчэ нашы рэкі і азёры — гэта радасць для душы. Гэта прыгажосць, якая цешыць і супакойвае сэрца. Гэта — наш адпачынак.
   Схіліліся да самай вады вербалозы — пляскаюць па хвалях лісцем.
   Купаюцца ў вадзе воблакі — ціха, без пырскаў купаюцца.
   Дык якія ж у нас рэкі, якія азёры самыя прыгожыя? Самыя прыгожыя, кажаце? Ніякія! Няма ў нас такіх! Бо ўсе нашы рэкі і ўсе нашы азёры — самыя прыгожыя!
   Калі не верыце — наведайцеся на самую маленькую, самую непрыкметную рачулку, якая, можа, і назвы не мае, — і вы пераканаецеся ў гэтым: якраз яна — самая прыгожая!
   Ці пабывайце ў нашых непаўторных мясцінах — на возеры Свіцязь, у Нацыянальным парку «Браслаўскія азёры».
   I тады самі скажаце, што нічога больш гаючага для душы і цела, здаецца, нідзе ў свеце няма...
   Вада — адна з чатырох асноўных стыхій, што ўтвараюць сусвет: паветра судакранаецца з ёю, агонь баіцца яе, а зямля ўвогуле абапіраецца на ваду.
   Неба, дождж праз ваду апладняе нашу маці-зямлю.
   Усе мы павінны шанаваць сваю ваду.
   А каб засведчыць любоў і павагу да яе, у нас ёсць Свята вады— 22сакавіка ўсе людзі Зямлі святкуюць Міжнародны дзень водных запасаў.
   А гэта ж і наша свята.

Похожие статьи:

Янка СіпакоўЯнка Сіпакоў - Як спакайней?

Янка СіпакоўЯнка Сіпакоў - Лета з мятлушкай

Янка СіпакоўЯнка Сіпакоў - Заміра

Янка СіпакоўЯнка Сіпакоў - Перавернуты

Янка СіпакоўЯнка Сіпакоў - Клетка