Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Сойка

   Пра марудлівага чалавека, які доўга збіраецца ў дарогу, часам кажуць: «Выбіраецца, як сойка за мора!»
   А сэнс народнай прымаўкі ў тым, што нібыта сойка кожную восень імкнецца ў вырай, але пакуль яна збярэцца, тут і зіма настае. Так з году ў год вандроўка ў цёплыя краіны адкладваецца да наступнага разу.
   Сойка належыць да чорнай птушынай сям’і, куды залічаны таксама крумкач, варона, галка, грак і сарока. Праўда, сярод такой кампаніі яна выглядае казачнай прынцэсай. Наогул, гэта адна з самых прыгожых лясных птушак. Апярэнне ў яе ружавата-попельнае, канцы крылаў і хвост цёмныя, а надхвосце белае. Галаву сойкі ўпрыгожвае натапыраны чубок, а пад вачыма блішчаць чорныя лапікі. А найбольш здзіўляюць і запамінаюцца ярка-блакітныя люстэркі на сойчыных крылах.
   Ідзеш па сцежцы ў панурым восеньскім лесе, і раптам паміж дрэў штосьці мільгане кавалачкам сакавіцкага неба. Уражаны, міжволі спынішся і засмяешся, калі зразумееш, што гэта не сонца, а мільганула люстэрка на крыле сойкі.
   Сойка – уважлівая вартаўніца. Не схавацца чужаку ад яе пільных вачэй. Прыкмеціць нядобрае – такога наробіць ляманту, хоць вушы затыкай. Асабліва не падабаецца настырная сойчына цікаўнасць паляўнічым. Пачуўшы сойку, лясныя жыхары адразу, як па трывозе, насцярожваюцца і хаваюцца ад няпрошаных гасцей.
   Аднойчы зімою, марозным надвячоркам, хуткая лыжня прывяла мяне на зацішную паляну з пакінутым кастрышчам. У носе прыемна заказытала салодкім дымком. На снезе чарнела раскіданае лушпінне печанай бульбы. Зняўшы лыжы, я прысеў і пачаў разграбаць попел, спадзеючыся знайсці некалькі бульбін, якія, як звычайна гэта бывае, пакідаюць для нечаканых вандроўнікаў. I тут убачыў сойку, якая скакала з дрэва на дрэва і, як звычайна, тарахцела на ўсё наваколле.
   «Пэўна, таксама спадзяецца на пачастунак», – весела падумалася мне.
   Але і сойку, і мяне чакала расчараванне. Нам не пакінулі аніводнай бульбінкі. Карцела наўздагон крыкнуць што-небудзь непрыемнае невядомым абжорам.
   Пакуль я абураўся, сойка пырхнула за тоўстую сасну і знікла. Няўжо там ёсць схованка-дупло?
   Зрабіўшы невялікі круг, каб адгадаць загадку, я абышоў сасну і тут убачыў птушку. Яна сядзела на прымацаванай да ствала кармушкі і штосьці дзяўбла. Затым, адчуўшы небяспеку, узвілася ўгору і схавалася ў кроне сасны.
   У кармушцы знайшліся лустачка хлеба і некалькі разламаных, яшчэ цёплых бульбін. Адразу ж стала няёмка, што я так дрэнна падумаў пра незнаёмых людзей.
   З таго часу перад паходам у зімовы лес ніколі не забываюся пакласці ў кішэню лустачку хлеба ці жменю сланечнікавых семак. А адзінаццатага снежня знарок наведваюся да знаёмай кармушкі і кладу ў яе гасцінец для сойкі. Як сведчыць старадаўні народны каляндар, менавіта ў гэты дзень калісьці адзначаўся сойчын дзень. I хоць чубатая модніца – аматарка лазіць вясною па гнёздах дробных птушак, яна ўсё роўна заслугоўвае пахвалы. Хоць бы за тое, што восенню збірае жалуды, старанна запасаючы іх на галодны дзень. Але схованак у сойкі так многа ўсюды, што з часам яна забывае пра многія з іх. Потым са схаваных сойкаю жалудоў па ўсім лесе прарастаюць маладзенькія дубкі.
(454 словы)

Паводле У. Ягоўдзіка.