Добра вядомы ў вучоным асяроддзі – (асабліва славянскім, асабліва філалагічным!) паклоннік Слова, прафесар, доктар філалагічных навук, аўтар больш як двух дзясяткаў кніг па мове і законах развіцця яе, а адначасова і беззаконні, што часам творыцца ў моўным агародзе намаганнямі няграматных заканадаўцаў-неспецыялістаў, Фёдар Міхайлавіч Янкоўскі не спяшаўся абнародаваць свае літаратурныя творы. Ён быццам не давяраў сваёй літаратурнай творчасці, сваёй літаратурнай фантазіі, сваёй літаратурнай сіле. Відаць, адсюль і сціпласць ці нават асцярожнасць у жанравым вызначэнні таго, што стварыў: "эцюды", "абразкі"... Пагодзімся: і "эцюды", і "абразкі" – невялічкія, далікатна выхапленыя з жыццёвай плыні імгненныя карцінкі яе, якія аўтар умеў убачыць і паказаць чытачам, але і апавяданні ў самым сур’ёзным тлумачэнні гэтага саліднага празаічнага жанру. Фёдар Міхайлавіч быў апавядальнік па нутры, па душэўнай неабходнасці, калі слова само просіцца на паперу і калі яно само – і ідэя, і сюжэт, і будаўнічы матэрыял. І слова гэта прыроднае, народнае, пачутае і падслуханае, натуральнае ў сваёй сутнасці і прасторы пражывання. Слова як параджэнне самой зямлі, як яе памяць і памяць людзей, якія яго сатварылі, слова, што з’явілася ўраз і назаўсёды.
Фёдар Міхайлавіч любіў слова. Ён любіў працаваць са словам і ўмеў гэта рабіць. Так добры бондар дзесяць разоў перакідвае з рукі на руку ім жа адабраную з залацістага правага дрэва і ім жа выгаблеваную клёпку, паварочвае ў бок сонца, правяраючы на раўніну, на звонкасць і прыдатнасць для дзежкі, дзежачкі ці цабэрка, каб паставіць яе на адзіна ўгатаванае ёй майстрам месца, каб доўга служыла на радасць гаспадыні, у рукі якой тая дзежачка ці цабэрак патрапяць.
Фёдар Міхайлавіч любіў пазабаўляцца са словам, сагрэць яго сваім дыханнем, сваёй пяшчотай, паняньчыцца з ім, як бацька няньчыцца з любым дзіцяткам, гушкаючы яго на руках і падкідаючы "пад самае неба".
Былі ў Фёдара Міхайлавіча і акопы, і шпіталі, і раны, і боль. Але былі радасць і шчасце – было Слова. Яно і сёння жыве і грэе.
(299 слоў)
Паводле А. Кудраўца
Похожие статьи:
Пераказы → Агеньчык
Іншае → Слова пра паход Ігаравы
Пераказы → І за гарою пакланюся
С → Слова
Пераказы → Юны разведчык