Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



І за гарою пакланюся

   Пішуць – Навагрудчына, а ў Якуба Коласа, а ў Янкі Брыля – які там, на іх роднай, на іх прыгожай, багацюшчай на ўсё зямлі, – Наваградчына. Там і Наваградак. Еду там... каля Завосся, каля Свіцязі, Шчорсаў, Загора-Загор’я не першы раз. На гэты раз не адзін. Не спяшаемся. Сябар – вялікі яму дзякуй! – чытае, мабыць, па мне, што не трэба ані яго пытанняў, ані яго падказак. Міша ведае, што дарогі мне тут знаёмыя, што ёсць родам адсюль сябры, яны паказвалі мне край і расказвалі пра яго; у мяне ў памяці – прачытанае пра Наваградак, Наваградчыну, ёсць ужо і накіданыя да часу запіскі, нататкі, пачутыя і пакладзеныя на паперу словы. Я ў палоне ўзораў, сцежак, у палоне новых і ранейшых уражанняў.
   Едзем у Любч – Любчу, мястэчка над Нёманам. Усё яно ў садах і ў цішыні. Падгаварыў Міша завітаць і да яго цесця.
   Там яблыкаў поўна. Цесць не пашкадуе, насыпле зяцю, насыпле госцю. І пад’ехалі. Пакуль я змахваў з вокнаў, з нумароў-знакаў дарожны пыл, Міша нырнуў у веснічкі. Паказаўся Міша, за ім – цесць.
   – Ну й машына! – кінуў дзядуля.– Я думаў... Хоць бы тоны са тры. Машына...– і ацаніў яе Мішаў цесць так, што не паўторыш... Ацэньваў ён мой легкавічок-масквічок насмешліва. Як сейбіт і касец, як гаспадарны гаспадар тае багатае любчанскае зямлі.
   Адна пры адной шматлікія багатыя вёскі. Між іх Заполле, Лозкі, Нягневічы, Скрышава... На бязлесіцы, на сытым, незабруджаным чыстаполлі.
   Ну, хоць бы адзін лапік зямлі абсеяўся нейкім недарэчным выпадкам! Хоць бы адзін шматок – ну, хоць такі, што толькі дзіцяці сесці – абышоўся плугам. Узаруць шырокае поле трактарам, а потым падпраўляюць, падштукоўваюць на заваротах звычайным плугам. Архітэктары, што вычэрчваюць на паперцы палеткі, ці што?!
   Спыняўся паглядзець на рунь. Спыняўся паглядзець на толькі што пасеянае жыта. На толькі што зжатую і змалочаную пшаніцу... Глядзеў, любаваўся. Бачыў людскую любоў – не якую гаварыльню! – да зямлі, да зямелькі, да зямліцы. Дагледжаная, перабраная ў пальцах, ачышчаная, сагрэтая не толькі сонцам, урадлівая. Я ніводнага разу не бачыў у тым краі парослай на полі збажыны, не бачыў прыплясканых дажджом і пабялелых або пачарнелых пракосаў ні на полі, ні на лузе.
   Ехалі. I калі адчулі, а потым і ўбачылі, што блізка Нёман: паветра, зеляніна, шырачэзная абалонь, на ёй вялізныя чароды пярэстых – спыніла нас нечаканае. На траве пры дарозе хлопчык. Ці то сядзіць згорбіўшыся, ці то ляжыць. Нават не зірнуў у наш бок. Маглі б праехаць, але затрывожыла. Дзіця і адно? Каля дзіцяці – не ў ручках – вудка. Побач – торбачка. Дзіця не толькі не ўскочыла, пачуўшы машыну, а галавы не ўзняло. Дзіця – а вудка не ў ручках? Спыніліся, паглядзелі, памацалі галоўку, ручку. Хворае, слабенькае, стагнала, і ручка на жывоціку. Калі неслі ў машыну, толькі нібы паказала, куды...
   Сустрэла нас маці. Узяла з рук дзесяцігодачка. Стрымліваючы слёзы, сказала:
   – Я й за гарою вам пакланюся. Які вам дзякуй! Вялікі вам дзякуй, людцы.
   Нашай дапамогі дзіцяці, сям’і не трэба было: доктар і сястрыца – суседзі, багатая і дагледжаная сядзіба, сад пры ёй. Як стой прыбеглі дапамагатыя. У суседнім двары затарахцеў матор легкавічка.
   З Нёманавых берагоў мы вярталіся праз чатыры дні. Завіталі ў двор, куды прывезлі таго рыбачка. Праз шырозныя вокны бачылі ў хаце два, амаль да столі, стажкі падушак. Матка пазнала нас і клікнула з хаты Алеська, паказаць яго.
   Запрашала ў хату, у сад.
   Калі сядалі ў машыну, сказала зноў тое матчына, тое народнае, тое незабыўнае:
   – Я й за гарою вам пакланюся. – I дадала тое – сваё і наша – шчырае: – Гладкае вам дарогі. Хай будзе гладкая ваша дарога.
(554 словы)   

Паводле Ф. Янкоўскага.

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыЮны разведчык

Пераказы, дыктантыАгеньчык