Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Славуты сын Украіны

   Моцны і шчаслівы народ, які мае такога паэта, што кожным сваім словам усё жыццё быў разам з ім, што так глыбока выказваў людскія думкі, надзеі і мары. Але моцны і шчаслівы таксама і паэт, які мае такі народ, што шануе кожнае шчырае слова, што яго, паэта, плоць ад плоці сваёй, кроў ад крыві сваёй, узняў на такую ганаровую і недасягальную вышыню.
   Здаецца, Тарас Шаўчэнка не мог нарадзіцца нідзе, апрача сваёй любай Украіны. Але, нарадзіўшыся на роднай Украіне, стаўшы выказнікам самых запаветных жаданняў свайго народа, стаўшы яго голасам і слыхам, ён стаў блізкім і родным, стаў сваім і для многіх іншых народаў. Ён стаў таксама і нашым, беларускім. Ужо зараз цяжка ўявіць беларуса, які не ведае, напрыклад, «Садок вішнёвы каля хаты» ці «Раве і стогне Днепр шырокі» або іншых выдатных, хрэстаматыйных для ўсіх народаў радкоў і вершаў вялікага Кабзара.
   У многіх сёння на слыху гэтыя, такія простыя, на першы погляд, і такія глыбокія і складаныя, на сур’ёзны падыход і сур’ёзнае прачытанне, творы. Яны гучаць сёння і па-беларуску ў перакладах Янкі Купалы, а таксама іншых нашых слаўных майстроў мастацкага слова. Беларусы ведаюць іх амаль гэтак жа, як і тыя шчымлівыя вершы, што пісаліся далёка ад роднага краю, у адзіноце выгнання. Дарэчы, вельмі кранае, што большасць вершаў паэта створана па-за межамі Украіны. Беларусы ведаюць тыя балючыя, як само паэтава жыццё, радкі, што нараджаліся ва ўражлівай і далікатнай душы падчас белых начэй Санкт-Пецярбурга ці сярод пяскоў закаспійскіх пустынь.
   Вершы Тараса Шаўчэнкі, здаецца, створаны не адным паэтам, абраным для гэтай пачэснай місіі, а ўсім украінскім народам. I, як створаныя народам, яны зноў вярталіся ў народ.
   З’яўляючыся глыбока нацыянальным паэтам, Тарас Рыгоравіч Шаўчэнка зрабіўся для ўсяго свету такім інтэрнацыянальным! Як тут не згадаць яго светлую мару пра «сям’ю вольную, новую», якая ўспомніць яго некалі шчырым і добрым словам. I мы, гэтая вольная і новая міжнародная сям’я, з удзячнасцю ўспамінаем яго сёння і будзем успамінаць заўсёды найшаноўнейшым словам самай шчырай павагі і любові.
   Ён быў сапраўдным інтэрнацыяналістам, бо да самазабыцця любіў сваю радзіму і паважаў усе іншыя народы свету.
   Ён быў яшчэ і прарокам, бо верыў у лепшае жыццё і жадаў усім людзям на зямлі росквіту і шчасця.
   I як прароча, як упэўнена і па-сучаснаму пераканана гучаць яго ўсхваляваныя словы пра нязводнасць жыцця, пра яго вечнасць і неўміручасць, не зважаючы на ўсе беды, нягоды, засмучэнні:

I будзе сын, і будзе маці,
I будуць людзі на зямлі!

   Дык дзякуй жа вам, Тарасе Рыгоравіч, за гэту вашу ўпэўненасць, якую Вы змаглі перадаць і нам!
   Гэта здорава, што да Шаўчэнкі, як да жывога, і сёння можна вось так проста прыехаць, спытацца ў яго парады, можна расказаць яму пра свае нягоды ў вялікай надзеі і веры, што ён, славуты сын Украіны, цябе абавязкова зразумее, падтрымае, супакоіць і абнадзеіць.
(450 слоў)

Паводле Я. Сіпакова.

Похожие статьи:

Тарас ШаўчэнкаТарас Шаўчэнка - Думка

Тарас ШаўчэнкаТарас Шаўчэнка - Сон

Тарас ШаўчэнкаТарас Шаўчэнка - І на чужыне я узрос...

Тарас ШаўчэнкаТарас Шаўчэнка - Садок вішнёвы каля хаты...

Тарас ШаўчэнкаЖыццё і творчасць Тараса Шаўчэнкі