Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Скрыпачка

   Іграў аркестр. Не аркестр, а хутчэй сямейны ансамбль ці як яго яшчэ лепш назваць. Музыканты былі з Баранавіч, усе з адной яўрэйскай сям’і: дзве сястры, брат і муж аднае з сясцёр. Чатыры музыканты на чатыры інструменты: скрыпку, акардэон, віяланчэль і бубен. Але як яны ігралі! Гэта трэба было чуць і бачыць. Больш за ўсіх кідалася ў вочы скрыпачка, апранутая ў чорную дарагую сукенку, чорненькая, невысокая і зграбная, з вялікімі цёмнымі вачыма на белым твары і чорнымі пышнымі валасамі. Другая, маладзейшая, была бландзінка, але вельмі падобная на старэйшую сястру – такі ж тып інтэлігенткі, толькі з прымессю нетутэйшай крыві. У яе таксама былі вялікія вочы і яркая белазубая ўсмешка, як і ў старэйшай сястры. Яна туліла да сваіх высокіх грудзей бліскучы ад перламутру вялікі акардэон. Мужчыны былі зусім розныя. Малодшы, брат жанчын, барабаншчык, быў яшчэ зусім юнак, невысокі і шчуплы, а той, што іграў на віяланчэлі, ці на басэтлі, як мы тады думалі, быў высокі і здаравенны мужчына з тыпова яўрэйскім гарбатым носам і капою густых рыжых валасоў, такіх густых і віхрастых, што, здавалася, як толькі і брала іх расчоска. Сваю віяланчэль ён мог бы трымаць так жа лёгка, як яго жонка скрыпку.
   Іграючы, мужчыны сядзелі, а жанчыны стаялі. Саліравала чарнявая скрыпачка. Яна стаяла крыху наперадзе ўсіх і іграла. Іграла не толькі скрыпка ў яе руках. Яна ўся іграла сама – ад спрытных ног у элегантных чорных лакірках да кончыкаў валасоў над белым мармуровым ілбом, на якім не было ні адной маршчынкі.
   Мазуркі, абэркі, паланезы, танга, вальсы... Танцы ў розным тэмпе, з розным настроем, у кожнага была свая душа, свой гукавы воблік. I скрыпачка ўвесь час мянялася: іншы выраз твару быў у яе, іншая ўсмешка, іншая пастава; па-другому хадзіла правая рука, у якой свабодна і плаўна, як дасканалая дырыжорская палачка, лётаў тонкі рухавы смычок. Ён далікатна, але ўпэўнена дакранаўся да струн, і яны давалі жыццё тысячам чароўных гукаў, якія напаўнялі ўсё наваколле, западалі ў душу. О, гэтая скрыпка! Што яна рабіла з людзьмі!
   А мо вінавата была не так скрыпка, як тая скрыпачка, што трымала яе ў сваіх віртуозных руках? Я ўпэўнен, што ў іншых руках тая скрыпка не мела б такое магічнае сілы. Яна жыла, дыхала, але жыццё гэтае перадавалася ёй ад чароўнай невялічкай жанчыны-артысткі, што, крыху нахіліўшы галаву і стоячы перад астатнімі музыкантамі, злёгку прытупвала правай нагою, нібы адбіваючы рытм. Смычок, як прыліпшы да струнаў, то лётаў, то плаўна перабягаў справа налева, то вяртаўся зноў. Першая струна вяла тоненька, аж ныла, як посвіст ветру праз саломінку, а калі смычок забіраў улева, пачынаў гусці бас – ён гуў, нібы вялізны чмель, і нават густыя пявучыя гукі віяланчэлі не маглі яго заглушыць. А ў гэты самы час пальцы левай рукі скрыпачкі, тонкія, далікатныя жаночыя пальцы, песцілі грыф, перабягалі па струнах, нібы гладзілі іх, пераскоквалі то ўверх, то ўніз, надаючы гуку характэрнае дрыжанне.
   Здавалася, скрыпка ўздыхала ледзь прыхаваным чалавечым болем.
(467 слоў)

Паводле У. Дамашэвіча.

Похожие статьи:

ПераказыСкрыпачка

ПераказыСкрыпка

Янка БрыльЯнка Брыль - Скрыпка пяе

ПераказыАбуджэнне

ПераказыЗагадка скрыпкі