Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Янка Брыль - Скрыпка пяе

Увага!!! Поўны змест
   Дзіва, шчаслівае дзіва бярэ – колькі яе, прыгажосці, і як я мог жыць, не бачыўшы да сарака пяці... ну, скажам, возера Лукаўскога, з векавымі дубамі і шэрымі крыжамі на касе, або магутнай, ласкавай Гарыні?..
   Прыгажосць назіралі мы спачатку з акон «кукурузніка», які нас, трох следапытаў народнага слова, нёс над астраўкамі палёў, над лясамі і шчодра залітымі сёлета балотамі Піншчыны. Нізка ляцелі – адно любуйся. Але нядоўга. Толькі што ўзняўся, здаецца, наш «ПО-2», а ўжо і садзіцца на прылясную паляну траскучаю птушкай. Уяўляю, што нават і «ногі* наставіў насустрач зямлі, нібы грак. Селі. Ідзіце, нюхайце добрае жыта ды бульбу ў белай, густой квецені. Хоць ты з дарогі збоч ды паляжы ў іх ніцма!..
   Давыд-Гарадок.
   Можна злятаць на Марс, вярнуцца адтуль і застаць над Гарынню ўсё тую ж бабку з вудай. Стаіць старая, як і стаяла сотні гадоў, спакойна і абыякава. Закідае па-бабску смешна, цераз галаву, паплёўвае на чарвяка, зрэдку здымае ў вядро краснапёрку... Многа іх тут, рыбакоў жаночага полу, відаць, ад пяці і да ста, і нікому такое не дзіўна.
   Светлая хата над самай ракой. У гародзе растуць толькі кветкі, якія тут здавён сеюць на насенне. I вельмі любяць, здаецца, – не проста гандлююць. Анюціны вочачкі, – расчульвалася цётка над сітам з мікраскапічным россыпам насення. Гаспадар, талковы і ветлівы дзядзька, ахвотна даў нам за сходную плату маторнай лодкі, паслаў з намі хлопца, загарэлага дзевяцікласніка.
   Так мы глядзелі Гарынь, а потым Прыпяць. Трохі вудзілі, прыпыніўшыся ў спакуслівай мясціне, а больш любаваліся, з бадзёрым грукатам летучы па празрыстай і ціхай вадзе.
   Усё прыгожа, аднак жа белыя «гускі» ў Воўчым возеры, у якое мы неўзабаве ўвайшлі з чарнаводнай, спакойнай і крыху не цераз верх перапоўненай Прыпяці, – прыгожыя асабліва. На суцэльным зялёным насціле іхніх лістоў самі «гускі» – ну, проста гусіная ферма, вялізная, толькі без гогату. I мы пайшлі тут без грукату, на вёслах, марудна разганяючы лодкай зялёна-белы цягучы насціл. Зблізку кветкі напаміналі мне жывое яшчэ з маленства ўяўленне: разрэзанае крутое яйка... Не, гэтым разам, – можа, ад думак пра бомбы і дзяцей, ад цяжкіх думак, якімі закончыўся мой учарашні дзень, – «гускі» здаваліся мне складзенымі далоньмі ручанятак з гулліва настаўленымі, як пялёсткі, пальцамі...
   А зверху – раскошнае сонца і белыя воблакі. Плывуць паволі, амаль не плывуць. I высока, высока!..
   Потым, пад вечар, нас калаціў на калдобах аўтобус. Нібы спецыяльна наняты, каб так калаціць. Але ўсё роўна мы любаваліся. I полем абапал дарогі, і хатамі пад цяжарам буслянак, і сонечным лесам...
   Душою пашай пасажырскай кампаніі была разбітная, яшчэ не старая, цыганка. Расказвала, добра па-беларуску, пра найбольшае шчасце свае валачашчае маладосці – як яна, седзячы побач з бацькам на возе, праехала з цэлым та барам, дарагія начальнічкі, цераз усю Варшаву!.. Пасля ўспамінаў яна пусцілася ў тэорыю – пачала нам тлумачыць іх цягу да вандравання. Гаворачы, час ад часу пакрыквала на Гарасіма, свайго басаногага хлапчука, што ўсё лез, выхіляўся з акна.
   Пасля ў аўтобусе спявала скрыпка.
   Іграў стары цыган. Без шапкі, лысы, у салдацкіх галіфэ і цяжкіх з выгляду кірзавых ботах. Мы дагналі яго на выездзе з чарговай вёскі, шафёр сам спыніўся, а «бэцька» адразу, толькі ўмасціўшыся на заднім сядзенні, сам пачаў іграць. За праезд. Па прывычцы.
   Яна і спявала, і плакала, і рассыпалася смехам – ягоная скрыпка. I гэта было незвычайна да самай сапраўднай радасці – там, у глухім палескім лесе, на турботнай і пыльнай дарозе!..
   Ды тут адзін з нас памыліўся... Проста не ведаў, што выйдзе з гэтага, – узяў свой фотаапарат і зняў музыку. Раз, пасля, для пэўнасці, яшчэ раз.
   I скрыпка змоўкла.
   Цыган і цыганка загаманілі па-свойму, гучна і незразумела. Пасля стары палажыў скрыпку ў футарал, узяў мяшок, падышоў да шафера, азірнуўся на нас і пакратаў яго за плячо. Аўтобус спыніўся. Музыка выйшаў, проста ў лесе, і, выходзячы, зноў азірнуўся.
   Цыганка расказала нам, што жонку гэтага чалавека ў вайну расстралялі фашысты. Сам ён хаваўся з маленькім сынам. Пасля вайны малога забралі ў дзіцячы дом. А бацька ходзіць. Не проста ходзіць, а вось ужо васемнаццаць гадоў уцякае ад тых, што забілі жонку, што і яго шукаюць, каб забіць... Па фотаапараце ён «здагадаўся», што і мы – таксама ад тых, што шукаюць яго, і таму вось уцёк...
   – Няшчасны чалавек, начальнічкі... А чулі, як ён іграе?.. А як ён танцуе нашы цыганскія танцы! Піша!.. Гарасім, не выхіляйся, дурніца, – зачэпіць галаву ды выцягне!..
   У лесе – сонца і цені. Малы аўтобус трасецца па карэнні і па калдобінах.
   А скрыпка спявае. Сардэчна і сумна. Хоць весела як быццам, але вельмі сумна!..
   Хоць музыка, з мяшком за плячыма і з футаралам пад пахай, ідзе цяпер недзе далёка за намі.
   Такі беспрытульны ў сонечным свеце!..

1964


Крыніца: Брыль Я. Збор твораў: У 5-ці т. Т. 5. Лірычныя запісы і мініяцюры. – Мн.: Маст. літ., 1981. – 591 с.

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыЗагадка скрыпкі

Пераказы, дыктантыСкрыпачка

Пераказы, дыктантыСкрыпка

Пераказы, дыктантыАбуджэнне

Пераказы, дыктантыСкрыпачка