Якое вялікае значэнне для чалавека мае яго першы настаўнік! Барыс Барысавіч адкрыў для мяне музыку слова. Упершыню для мяне яна загучала з вуснаў настаўніка.
Ніякай сцэнічнасці ў яго чытанні не было. Ніякіх эфектных жэстаў, ніякага знешняга пераўвасаблення. Ён чытаў вельмі ціха, амаль што шэптам. Нам прыходзілася прыслухоўвацца да яго чытання. Але як гэта гучала! Што нараджала ў душы гэтае гучанне? Барыс Барысавіч быў выдатным псіхолагам і педагогам.
За свой век я шмат сустракаў настаўнікаў, надзвычай актыўных у метадах навучання, крыклівых, шматслоўных, мітуслівых. Тым не менш пасядзіш у такога настаўніка на ўроку – і адчуванне такое, быццам нешта згубіў, марна патраціў час. Не толькі час, але і нешта большае.
У тэатральны інстытут у нас ёсць прафесійны адбор, а ў педагагічны ўніверсітэт такога адбору няма, і гэта вельмі дрэнна. Педагог павінен быць большым за артыста. Каб быць педагогам, трэба быць вельмі добрым і чалавечным, любіць і разумець людзей. Самыя чулыя людзі – гэта дзеці. Трэба мець вялікую адукацыю, якую ніколі нельга абмяжоўваць толькі дыпломам.
Менавіта сустрэча з Барысам Барысавічам стала пачаткам маёй любові да роднага слова. Я пачаў многа чытаць і прыслухоўвацца да гучання слоў. Я палюбіў літаратуру. Цяпер я з гонарам магу сказаць: нішто так не ўзвышае, не падымае чалавека на п’едэстал духоўнай годнасці, як мастацкая літаратура. Толькі яна па-сапраўднаму моцна далучае яго да глыбокага разумення гісторыі, чалавечых пачуццяў і прыгажосці.
(220 слоў)
Паводле Я. Ермаловіча
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Настаўнік чарчэння
Уладзімір Шыцік → Уладзімір Шыцік - Настаўнік
Эдзі Агняцвет → Эдзі Агняцвет - Буду настаўнікам
Мікола Гіль → Мікола Гіль - Першы настаўнік
Генадзь Бураўкін → Генадзь Бураўкін - Настаўнікі не паміраюць...