Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Рэкс

   Кастусь Трахімчык сядзіць каля агню і ломіць аб калена сухенькае галлё. Другі паляўнічы – Аляксей Шусцік – ляжыць на хваёвых лапках і глядзіць у шэрае неба. Прыпёршыся плячыма да хвойкі, сядзіць трэці паляўнічы – Павел Бурш. Мужчыны зрэдку перакідваюцца словамі.
   – Што, стаміўся, Рэкс? – спытаў Павел Бурш.
   Сабачка падняў галаву, зірнуў на гаспадара і вільнуў хвастом.
   – Трэба ж папрыдумляць такія імёны сабакам: Рэкс, Казбек, – павярнуўся на жывот Аляксей. – Во ў майго – Жулік. I проста, і гучна, і зразумела.
   – Не я прыдумляў... Ён мне дастаўся з такім імем, – адказаў Бурш і спытаў у Шусціка: А ты ведаеш, што такое Рэкс? Не? Цар – па-лацінску. Праўду я кажу, Рэкс?
   Сабака ўстаў. Віляючы хвастом, падышоў да гаспадара і палажыў галаву яму на калена.
   – Мы тады стаялі пад Варшавай. Аднае раніцы пайшлі гітлераўскія танкі ў наступленне. Нашы падбілі некалькі. Кінуліся мы да падбітых. I раптам разам з людзьмі выскачыў з аднаго танка вось ён, – пагладзіў Бурш Рэкса.
   Мне і яшчэ аднаму аўтаматчыку загадалі потым адвесці палонных у тыл. Вярнуліся мы ў часць гадзіны праз тры. Акружылі нас салдаты ў бліндажы і давай разглядаць Рэкса. Кожны разумеў: нічым яно, нямое стварэнне, не вінавата, што служыла фашыстам. I ўсе з ахвотай падносілі сабаку есці, хто што меў. Але Рэкс толькі пазіраў ім у вочы, а да ежы не дакранаўся.
   I зусім выпадкова Рэкс назаўтра ўзяў есці з маіх рук. Мы сядзелі ў бліндажы і абедалі. Я адкусіў кусок хлеба, намазанага кансервамі, і працягнуў Рэксу.
   – На, кажу, пакаштуй нашых салдацкіх харчоў.
   Рэкс устаў, падышоў павольна, узяў з рукі хлеб і праглынуў. Салдаты аж есці перасталі ад здзіўлення. «Узяў, узяў», – зарадаваліся.
   – А што я гаварыў, – прагаладаецца, будзе есці, – сказаў адзін салдат, адрэзаў лустачку хлеба, намазаў кансервамі і таксама падаў Рэксу.
   Сабака не дакрануўся. Тады салдат аддаў лустачку мне, але і з маіх рук сабака больш не ўзяў.
   – А ты адкусі і дай з рота, – параілі.
   Я так і зрабіў. Рэкс узяў хлеб, з’еў, завіляў хвастом і яшчэ глядзіць.
   Рэкс браў толькі з маіх рук. I хутка ён так прывык да мяне, што на крок не адставаў: куды я – туды і ён. Пайду па суп, і ён побач з кацялком у зубах па сваю порцыю ідзе. Лягу спаць, і ён каля мяне ўкладваецца.
   Аднойчы ў цёмную ноч пайшлі мы па языка. А ноч – хоць ты ў вока пальцам калі. Азірнуўся я паглядзець, ці не адстаў напарнік... Тут раптам на плечы мне фашыст наваліўся. I адразу за горла схапіў. Таксама, мабыць, па языка поўз.
   Крутнуўся я, вылузаўся наверх. Валтузімся: то я пад ім, то ён пада мною, зморваем адзін аднаго, а голасу не падаём. I раптам я адчуў, што аслаблі рукі ворага, пальцы расшчаміліся. Вывернуўся я наверх, гляджу: мой Рэкс, вось гэты малайчына, схапіў фашыста за шыю і трымае. Я хуценька заткнуў яму рот, каб не нарабіў крыку. А тут і мой напарнік падаспеў. Скруцілі мы рукі паганцу і пацягнулі за сабою.
   Так мы з Рэксам і не расстаёмся з таго часу. Скончылі вайну, прыехалі на маю радзіму і трэці год жывём тут. Праўда, Рэкс?
   Сабака, як быццам у знак згоды, лізнуў гаспадарову руку.
(502 словы)

Паводле А. Пальчэўскага.

Похожие статьи:

ПераказыБуслы на руінах

ПераказыВальс Шапэна

ПераказыАднавокі сом

ПераказыНезвычайны выпадак

ПераказыДаверлівасць