Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Вальс Шапэна

   Цеплаход ішоў на малой хуткасці, і зялёныя берагі канала павольна плылі насустрач нам. Сонца, цішыня, новыя мясціны з чароўнымі даляглядамі і да ўсяго гэтага прыемнае падарожжа па Волзе-матухне настройвалі пасажыраў на радасны лад.
   Першыя гадзіны вялікай дарогі, першыя знаёмствы...
   Вечарамі пасажыры праводзілі час хто як мог, па свайму густу: адны танцавалі на палубе, другія чыталі, трэція летуценна пазіралі праз адчыненыя вокны кают ці з палубы на далёкія агні...
   У адзін з такіх вечароў мы сядзелі ў музычным салоне і слухалі самадзейны канцэрт пасажыраў. Апошняй праспявала лірычную песню пра цудоўны захад сонца на Волзе прыгожая бялявая дзяўчына.
   Больш ахвотнікаў выступаць не было, а разыходзіцца нікому не хацелася. Надта ж утульна адчуваў сябе тут кожны, асабліва пасля такой задушэўнай песні.
   – Платон Іванавіч, сыграйце вы што-небудзь, калі ласка, – пачуўся з процілеглага боку салона голас жанчыны.
   Мой знаёмы не стаў чакаць на большае ўпрошванне. Ён падняўся з канапы, сеў за піяніна, прабег тонкімі і доўгімі пальцамі па клавішах і спытаў у жанчыны:
   – Што вы хацелі б паслухаць, Таццяна Міхайлаўна?
   – З вальсаў Шапэна, калі ласка.
   Платон Іванавіч міжвольна ўздрыгнуў і пакруціў адмоўна галавою.
   – Усё, што магу, толькі не вальсы Шапэна.
   – Сыграйце, Платон Іванавіч, сыграйце, – пачулася на гэты раз ужо некалькі галасоў.
   Нічога не кажучы больш, піяніст зайграў «Паланэз» Агінскага, і ўсе адразу супакоіліся. Потым ён сыграў яшчэ дзве невялікія рэчы Шуберта, устаў, падзякаваў слухачам за ўвагу і сеў каля мяне на сваё месца.
   За вокнамі плыла цёплая цёмная ноч. Пасля музычнага адпачынку Платон Іванавіч і я выйшлі з салона на палубу, селі ў плеценыя крэслы.
   Мы разгаварыліся аб прафесіях.
   – Ніякі я не піяніст, проста аматар музыкі, – адказаў на маё пытанне Платон Іванавіч. – Спецыяльнасці мае: першая – бухгалтар, а другая – тэхнік-будаўнік... Музыка ж для мяне – другое жыццё. З малых гадоў палюбіў.
   Калі не сакрэт, чаму вы ўсё ж не сталі іграць вальс Шапэна? – спытаў я асцярожна пасля невялікай паўзы.
   Апошні раз я іграў яго ў дзевяцьсот трыццаць сёмым годзе, – задумліва паглядаючы на далёкія берагавыя агні, адказаў Платон Іванавіч і зноў змоўк.
   – Нікому я не гаварыў пра гэта. Можа, і вам не варта расказваць, – парушыў нарэшце цішыню мой знаёмы.
   – Калі гэта такі вялікі сакрэт, не кажыце, – згадзіўся я.
   – Сакрэту ніякага няма...
   З маёй Палінай здарылася няшчасце: паехала зімой з драматычным гуртком у падшэфны калгас, застудзілася ў дарозе і злягла ў пасцель. Я ні на крок не адыходзіў ад яе ложка. Дактары па два-тры разы на суткі прыходзілі да хворай.
   На пяты дзень Паліна перастала трызніць, пагладзіла маю руку і папрасіла:
   – Зайграй, Платоша, наш вальс Шапэна. Толькі паціху.
   Я, узрадаваны, кінуўся да піяніна. I з якой ахвотай, з якім натхненнем выканаў яго! Скончыў іграць, зірнуў на ложак і ціхенька пытаю:
   – Ну, як табе, Палінка, спадабалася ігра? Не фальшывіў?
   Адказу не пачулася. Заснула, думаю. Падышоў на пальчыках, каб зірнуць у твар, і ад жаху закамянеў. Пад гукі цудоўнай музыкі яна пакінула нас – мяне і дваіх дзяцей... З таго часу я так і не іграў больш ні аднаго вальса Шапэна...
(482 словы)

Паводле А. Пальчэўскага.

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыДуб

Пераказы, дыктантыРэкс

Пераказы, дыктантыДаверлівасць

Пераказы, дыктантыНезвычайны выпадак

Пераказы, дыктантыАднавокі сом