Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Русальны тыдзень

   Русальны тыдзень, наступны пасля сёмухі тыдзень, багаты на рытуальныя дзеянні і песні. Называюць яго таксама зялёным, клечальным. Звязаны з павер’ямі пра русалак. Абрады русальнага тыдня, асабліва русальныя песні, тэрытарыяльна абмежаваны. Эпіцэнтр іх бытавання – руска-беларуска-ўкраінскае пагранічча.
   Супярэчлівыя ўяўленні пра русалак (іх знешні выгляд, месцазнаходжанне, функцыі, сутнасць) адбіліся на абрадавых дзеяннях русальнага тыдня. Найбольш пашыранае з іх – паводзіны русалкі. Русалка ў гэтым абрадзе ў розных мясцінах увасаблялася па-рознаму: пераапранутая дзяўчынка, лялька (чучала), часам уяўлялі, што яна хаваецца ў жыце. Абавязковы атрыбут абраду – вянкі, якімі ўпрыгожвалі абраную русалку, усіх удзельнікаў рытуалу. Вянок для русалкі адрозніваўся ад іншых падборам раслін і кветак, памерамі, спосабам яго пляцення. Часам для русалкі плялі некалькі вянкоў, якія надзявалі ёй на галаву, шыю, рукі. Сакральны сэнс надаваўся травам, кветкам, з якіх дзяўчаты плялі вянкі для сябе і для русалкі. У многіх мясцінах абавязковым было калектыўнае пляценне вялікага вянка для русалкі, што нагадвала агульную працу па вырабу ахоўнага палатна ў экстрэмальных умовах. колькасць удзельніц пляцення таксама рэгламентавалася: 6 ці 12 дзяўчат. Вянкі адыгрывалі пладаносную магічную ролю, пра што сведчыць традыцыя разрываць іх або цэлымі закідваць на грады. У некаторых мясцінах русальны вянок спальвалі на вогнішчы. Тут, відаць, ён выконваў тую ж ролю, што і заменнік русалкі (саламяная лялька, чучала), які таксама часам спальвалі на агні. Кожнае рытуальнае дзеянне мела свой сэнс. Так, завіванне галінак дрэў (найперш бярозы), на якіх нібыта гайдаліся русалкі, паводле народнага ўяўлення, павінна спрыяць ураджайнасці, як і завіванне вянкоў. Кульмінацыя абраду праводзін русалкі – вывад яе з вёскі, часцей за ўсё ў жыта. там яе пакідалі, а ўдзельніцы шэсця вярталіся назад як мага хутчэй, не азіраючыся, каб русалка не дагнала. Перш чым вывесці ў жыта, русалку маглі весці на пагорак (улюбёнае месца амаль усіх веснавых рытуалаў), дзе разам з ёю вадзілі карагод. Выводзілі русалку абавязкова з традыцыйнымі абрадавымі песнямі, выкананне якіх адыгрывала магічную ролю.
   Другое сакральнае месца, куды праводзілі русалак – могілкі. Такі варыянт паводзін русалкі мог узнікнуць толькі пасля прыняцця хрысціянства, бо па сцвярджэнні вучоных, у славян-язычнікаў не было асобых месцаў для пахавання, могілкі ўведзены хрысціянствам. Перапляценне язычніцкіх уяўленняў і хрысціянскіх напластаванняў выяўляецца і ў рытуале вываду русалкі да крыжоў і выкананне каля іх русальных песень (Нараўлянскі раён). Крыж (ахоўнік вёскі, за яго трэба было вывесці русалку), відаць, замяніў ранейшае скрыжаванне дарог, якому ў старажытнасці надаваўся магічны сэнс.
   Паўднёвабеларускай разнавіднасцю абраду праводзін русалкі можна лічыць звычай, вядомы ў Добрушскім раёне. На свята, якое насіла агульны, калектыўны характар, збіраліся з розных вёсак. Адметнасць абраду надаваў абход русалкай (пераапранутая дзяўчына або нават хлопец, упрыгожаныя бярозавымі галінкамі) усіх двароў, што нагадвае іншыя веснавыя абходы, у першую чаргу куст. Пры вывадзе русалкі з жыта адбывалася сустрэча з русалкай суседняй вёскі і абменны разбор русальнай зеляніны, якую таксама неслі на свае агароды. У некаторых мясцінах звычай праводзіць русалку дайшоў да нашага часу. І хаця ў ім захоўваюцца часам архаічныя моманты, абрад нагадвае хутчэй гульню, якая выконваецца па традыцыі.
(467 слоў)

Паводле Г. Барташэвіч

 

Похожие статьи:

Ян БаршчэўскіЯн Баршчэўскі - Русалка-спакусніца

Пераказы, дыктантыРучнік у вясельных абрадах