Да чаго прыгожая гэта вясновая раніца! У паветры яшчэ сыра. На лістах вішняку вісяць буйныя кроплі начных туманаў. На платах і на стрэхах ляжыць яшчэ вільгаць. За сялом густа зеляніцца поле. Загоны перасякаюцца то тонкімі, то шырокімі звілінамі дарог. На пагорку стаіць і яшчэ дрэмле вятрак, але, здаецца, ён ужо сіліцца ўзмахнуць крыламі.
Узыходзіць сонца. Яно паволі і баязліва паказваецца з-за гарызонту. Над стрэхамі хат вывіваюцца лёгкія празрыстыя дымкі. За імі на небе такое ж самае ружаватае воблачка. Здаецца, што яму нудна быць аднаму на гэтай блакітнай бясконцасці неба, але недзе згубіўся гэты свавольнік-вецер, і яно не можа скрануцца. Сонца падымаецца над лесам. Лес пачынае дыміцца густымі пахамі. Бесклапотна цвыркаюць птушкі. Яны то, гойдаючыся, пырхаюць з дрэва на дрэва, то вылятаюць у поле, дзе, падняўшыся ў неба, сваім танюткім і бясконцым звонам заліваюцца жаўранкі. Якая слаўная ты, раніца!
(140 слоў)
Паводле Я. Скрыгана.
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Усё нова і свежа
Пераказы, дыктанты → Вясновая раніца
Биографии → Янка Скрыган
Пераказы, дыктанты → След даўніны
Авяр’ян Дзеружынскі → Авяр’ян Дзеружынскі - Летняя раніца