Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Рака Бярэзіна

   Пэўна ж, усе мяне ведаюць. Я – Бярэзіна, адна з тых рэк, якімі можа ганарыцца Беларусь. Я не самая вялікая рака ў Еўропе, але спытайце ў даследчыкаў, і яны скажуць, якое значэнне я маю для ўсяго кантынента. Гэта ж на маіх берагах ляжыць велічны па плошчы край, які названы запаведнікам. Тысячы дзікіх, не кранутых чалавекам гектараў лясоў і балот уплываюць на клімат не толькі нашай рэспублікі, але і ўсёй Еўропы. Нездарма ЮНЕСКА прысвоіла запаведніку статус біясфернага. Гэта наша нацыянальнае багацце, гэта лёгкія, якімі дыхае зямля.
   Мяне вы, безумоўна, бачылі ў Бабруйску, у Барысаве ці ў аднайменным гарадку Беразіно, што на Міншчыне. Праўда ж, рака я прыгожая. Можа, не надта чыстая, але гэта не мая віна. Хіба ж не хацела б я да самага Дняпра несці чыстую вадзіцу? Любавацца жоўтымі гарлачыкамі? Купаць у сваіх хвалях казуль і баброў? Каля гарадоў бачылі вы мяне не самую лепшую і не ўсю.
   Сапраўдную Бярэзіну, маладую, прыгожую і багатую, вы ўбачыце толькі ў самым-самым глухім, не кранутым цывілізацыяй месцы. Здагадаліся дзе? У запаведніку. Там нават вёсак паблізу няма. Там травы вышэйшыя за чалавека, а гарлачыкі ствараюць у затоках суцэльныя дываны. На маіх берагах, на лугавінах, у непраходных балотах растуць расліны, якія занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Дзе, скажыце, вы сустрэнеце архідэю, маленькую ліяну ці венерын чаравічак? Гэта пра кветкі.
   А вазьміце птушак, звяроў. Люблю назіраць за працавітымі бабрамі, якія нястомна будуюць сабе адмысловыя хаткі. Вельмі смешным, нейкім бездапаможным выглядае дужы мядзведзь, калі плавае ў маіх затоках. А колькі птушак навокал! Кулікі і кнігаўкі, трохпальцыя дзятлы і шэрыя жураўлі, белыя курапаткі і змеяеды, беркуты і чорныя буслы. Вучоныя падлічылі: у маім заказніку жыве 230 відаў птушак. Пяцьдзясят чатыры з іх занесены ў тую славутую, чалавекам прыдуманую Чырвоную кнігу.
   Мне сотні гадоў... Я спакон вякоў бягу па старажытнай зямлі крывічоў-беларусаў з узгор’яў па старой балотнай даліне да Дняпра. Калісьці па гэтай даліне воды Полацкага ледавіковага возера сцякалі на поўдзень у Палескае возера. Па мне сплаўлялі лес, плавалі караблі. Тут праходзіў старажытны шлях «з варагаў у грэкі». На маіх берагах знаходзілі славу і цярпелі ганьбу славутыя палкаводцы.
   Прыходзьце да мяне, любіце мяне. Я часцінка беларускай зямлі і вашага лёсу. У хвалях маіх хуткаплынных, у іх перакатах вы адчуеце сувязь часоў і людскіх пакаленняў.
(366 слоў)

Паводле М. Хамца

 

Похожие статьи:

Кастусь ЖукКастусь Жук - Рака

ПераказыПаром на рацэ

ПераказыДзвіна пайшла

ПераказыКруты бераг ракі

Максім ТанкМаксім Танк - Над ракой