Яська і праўда адстаў-такі ад мужчын, мала ўжо і бачыў іх з-за высокай, яму, малому, па пахі травы. Штосьці дзіўнае рабілася з ім у гэтую раніцу, ён і сам добра не разумеў сябе, адно пасміхаўся разгублена, слухаючы, як трапеча, шчасліва заходзіцца ў грудзях сэрца ад усяго, што бачаць вакол вочы.
З-за маладога алешніку ўставала сонца, а за ровам, за гэтым цыбатым алешнікам, чуў Яська, прачыналася выспа. Недзе ў самым глухім куточку яе, у ельніку, таемна застагнаў лясны голуб; мусіць, абуджаная ім, нездаволена-рэзка затрашчала сарока, гулка пераклікнуліся між сабою дразды.
Востра пах валяр’яннік, сонца разам з расою ўзнімала, цадзіла над лугам церпкі, аж кружыла галаву, водар, з высокай травы, з-пад самых Яськавых ног шэрымі камячкамі пырхала, разляталася ў бакі дробнае птаства.
Асцярожна, аж баючыся парушыць цнатлівае хараство наваколля, апускаў Яська касу. Пакорліва паддаваліся, падалі ружовыя трапяткія маланкі, падатліва-мякка слаўся ў пракос духмяны аер, купчаста клалася густая, як сцягнуць касою, балаціна, пахла свежай рыбай, рачным глеем, водарасцямі.
У нейкі момант Яська са здзіўленнем адчуў, як нараджаецца, вырастае ў душы нязгода з настойлівым цягам Паўлавай мянташкі, што адбівала касу ўжо на другім канцы лугу, з няўмела-паспешлівым, прагавіта-жалобным гукам Вінцусёвай, якая пляскала недзе зусім блізка, за круглым лазовым кустом. З’явілася ў душы неадольнае жаданне спыніць іх, крыкнуць: "Чакайце, хлопцы, гляньце, хараство якое!"
Нечакана прыйшло і працяло ўсю істоту вострае адчуванне імгненнасці гэтай прыгажосці. Ён неяк бездапаможна азірнуўся, нібы хочучы знайсці абвяржэнне гэтаму адчуванню, убачыў доўгія роўныя стужкі пракоса. Тут жа ўсцешна падумалася, што так і павінна быць: выспелыя травы гінуць, каб даць месца новым, так на зямлі ад веку, такі непарушны закон існасці ўсяго жывога на свеце. І ўсё ж здзіўлена заўважыў, што, зусім не супакоеная гэтай развагай, пачынае аціхаць, блякнуць у ім тая амаль дзіцячая радасць, якая так урачыста гучала ў душы цэлы ранак.
(292 словы)
Паводле Х. Лялько
Похожие статьи:
Максім Лужанін → Максім Лужанін - Смутная радасць
Пераказы, дыктанты → Радасная прасветласць
Пераказы, дыктанты → Жыццё ў радасць
Пераказы, дыктанты → Радасць