Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Рабіна
Варыянт 1 (251 слова)
Андрэй з самага дзяцінства марыў пасадзіць якое-небудзь дрэўца. Але такая мара многім была незразумелая, бо яго вёска знаходзіцца сярод лесу.
І ўсё ж перад самай арміяй ён пасадзіў рабіну. Выбраў месца ў самым глухім кутку за дрывотняю. Калі Андрэй вярнуўся з войска, то ўбачыў, што яго рабіна не стройнае дрэўца, а хваравіты дубец. Андрэй выраўняў яго і прывязаў мяккай вяровачкай да плота.
Рабінка расла, але ёй усё ж нечага не хапала. Лісцікі былі рэдкія, маленькія і рана пачыналі жаўцець і асыпацца. Пладоў рабінка не давала, на ёй з’яўляліся нейкія дробныя ссохлыя зялёныя шарыкі, якія асыпаліся разам з лісцем.
Аднойчы, прыехаўшы чарговы раз у вёску, Андрэй не ўбачыў каля дрывотні знаёмых галін з рэдкімі лісцікамі. Вывернутае дрэва сіратліва ляжала на зямлі. Маці сказала, што нядаўна быў страшэнны буран, які паваліў плот. Ён упаў на рабінку і вывернуў яе з зямлі. Плот паправілі, а дрэўца не чапалі.
У канцы лета хлопец зноў наведаўся ў вёску. Падаўся да дрывотні і ахнуў. Рабіна ляжала на зямлі, але была ўся абсыпаная гронкамі буйных чырвоных ягад. Яна ляжала і свяцілася затоеным гонарам, што выжыла, што змагла даць багатыя плады, і глядзела на Андрэя з лёгкім дакорам: чаму не паверыў ёй?
Ён паглыбіў рыдлёўкай старую яму, паклаў гліны, гною. Падняў сваё дрэва, падвязаў і паліў.
І цяпер ён чамусьці ўпэўнены, што рабіна выжыве, прымецца і будзе жыць да таго часу, пакуль будзе ведаць, што ў свеце ёсць хоць адзін чалавек, каму яна патрэбна. Чалавек, які хоць зрэдку ўспамінае і клапоціцца пра яе, для каго ёй варта жыць.
Варыянт 2 (156 слоў)
Андрэй з дзяцінства марыў пасадзіць якое-небудзь дрэўца.
І вось перад тым, як ісці ў армію, Андрэй пасадзіў рабіну ў кутку за дрывотняю. Калі вярнуўся з войска, убачыў, што рабіна не стройнае дрэўца, а хваравіты дубец. Лісцікі на ёй былі рэдкія, маленькія.
Аднойчы, прыехаўшы чарговы раз у вёску, Андрэй убачыў каля дрывотні вывернутае дрэва, якое сіратліва ляжала на зямлі. Маці сказала, што нядаўна быў страшэнны буран, які паваліў плот. Ён упаў на рабінку і вывернуў яе з зямлі.
У канцы лета хлопец зноў наведаўся ў вёску. Падаўся да дрывотні і ахнуў. Рабіна ляжала на зямлі, але была ўся абсыпана гронкамі буйных чырвоных ягад. Яна ляжала і свяцілася затоеным гонарам, што выжыла, што змагла даць багатыя плады.
Андрэй паглыбіў рыдлёўкай старую яму, паклаў туды гліны, гною. Падняў сваё дрэва, падвязаў і паліў.
Цяпер хлопец упэўнены, што рабінка будзе жыць да таго часу, пакуль будзе ведаць, што ў свеце ёсць хоць адзін чалавек, для якога ёй варта жыць.
Паводле А. Федарэнкі
Похожие статьи:
Пераказы → Рабіна (Паводле Х. Гурыновіча)
Алесь Пісьмянкоў → Алесь Пісьмянкоў - Рабіна над вірам