Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Пярун
Варыянт 1 (243 словы)
Людзі здаўна верылі ў незвычайныя здольнасці бога маланкі і грому Перуна. Яго прасілі, каб паслаў чаканы дождж, каб не пабіў збажыны градам. Як толькі ранняй вясной Пярун адмыкае сваім залатым ключом неба, з яго падае дождж і сеецца раса.
Пярун – ваяўнічы і грозны бог, справядлівы абаронца пакрыўджаных. Росту ён невысокага, мае дужае цела, чорныя валасы, залатую бараду, якая ганяе па свеце вецер. Пярун ездзіць па небе на вогненнай калясніцы, запрэжанай крылатымі рысакамі, пільна сочыць за парадкам у паднябессі і на зямлі. У правай руцэ ён трымае велізарны лук, які нагадвае рознакаляровую вясёлку. З аднаго боку вісіць мяшок з вогненнымі стрэламі-маланкамі, з другога – скураная торба з каменнымі сякерамі.
Характар у Перуна запальчывы. Калі раззлуецца барадаты велікан, пачынае кідаць на зямлю свае страшныя сякеры. З аглушальным трэскам ляцяць яны, выкрасаюць маланкі і іскры. Хмары праліваюцца тады дажджом. Сякера ўрэжацца ў поле – зямля здрыганецца. Калі пашанцуе каму-небудзь знайсці Перунову сякеру, то на ўсё жыццё шчаслівым стане.
Людзі баяліся ваяўнічасці Перуна, але і шанавалі яго. Найперш за тое, што абараняў дабро і караў зло. Земляробы заўсёды з нецярпеннем чакалі першага вясенняга грому, якім Пярун адмыкаў зямлю. Пасля гэтага можна было пачынаць працу ў полі. Існавала павер’е, што падчас першага грому варта пакачацда па зямлі, каб не прыставалі ніякія хваробы.
Сімвалам Перуна здаўна лічыўся конь, выяву якога людзі выразалі на вокнах сваіх хат для засцярогі ад злога. Беларусы называлі ў гонар Перуна розныя мясціны, якія дагэтуль захаваліся на нашай зямлі: Перунова гара, Перунова поле, Перуноў дуб, Пярун-камень.
Варыянт 2 (456 слоў)
Хлопчык ляжаў пасярод хвалістага жытняга поля і зачаравана пазіраў у нябесную глыбіню. У высокім яркім блакіце няспешна і велічна плылі празрыста-белыя воблакі з беражкамі, падпаленымі сонцам. Яны складваліся ў палацы і замкі, выявы дзівосных звяроў. Хлопчык марыў, каб чароўная птушка падхапіла яго і панесла на загадкавае сёмае неба, дзе жыве магутны бог Пярун.
Людзі здаўна верылі ў незвычайныя здольнасці бога маланкі і грому Перуна. Яго прасілі, каб паслаў чаканы дождж, каб не пабіў збажыны градам. Як толькі ранняй вясной Пярун адмыкае сваім залатым ключом неба, з яго падае дождж і сеецца раса, якія лічацца нябеснымі слязамі. Выклікае гэтыя слёзы Перунова кветка плакун-трава, што ў народзе называецца слёзнікам. Людзі верылі, што кветка і корань слёзніка валодаюць магічнай сілай. Такімі ж уласцівасцямі беларусы здаўна надзяляюць чароўную папараць-кветку. На Купалле на папаратнікавае кустоўе нібыта сыходзіць Перуноў агонь, які ператвараецца ў прыгожыя кветкі. Таму, хто знойдзе чароўную папараць-кветку, адкрыюцца таямніцы прыроды. Добрым і сумленным людзям кветка пакажа, дзе ў зямлі схаваны скарбы.
Пярун – ваяўнічы і грозны бог, справядлівы абаронца пакрыўджаных. Росту ён высокага, мае дужае цела, чорныя валасы, залатую бараду, якая ганяе па свеце вецер. Пярун ездзіць па небе на вогненнай калясніцы, запрэжанай крылатымі рысакамі, пільна сочыць за парадкам у паднябессі і на зямлі. У правай руцэ ён трымае велізарны лук, які нагадвае рознакаляровую вясёлку. З аднаго боку вісіць мяшок з вогненнымі стрэламі-маланкамі, з другога – скураная торба з каменнымі сякерамі.
Характар у Перуна запальчывы. Калі раззлуецца барадаты велікан, пачынае кідаць на зямлю свае страшныя сякеры. З аглушальным трэскам ляцяць яны праз усе шэсць нябёсаў, выкрасаюць маланкі і іскры. Хмары праліваюцца тады дажджом. Сякера ўрэжацца ў поле – зямля здрыганецца, выбух несціханым рэхам пракоціцца па палях і лясах. Калі пашанцуе каму-небудзь знайсці Перунову сякеру, то на ўсё жыццё шчаслівым стане.
Людзі баяліся ваяўнічасді Перуна, але і шанавалі яго. Найперш за тое, што абараняў дабро і караў зло. Перуна малілі аб тым, каб не наслаў на зямельку бяды. Бацькі ставілі яго ў прыклад малым, каб нікога і нічога не баяліся. Перуном палохалі нядобрых людзей, каб не рабілі шкоды.
Земляробы заўсёды з нецярпеннем чакалі першага вясенняга грому, якім Пярун адмыкаў зямлю. Пасля гэтага можна было пачынаць працу ў полі. Існавала павер’е, што падчас першага грому варта пакачацца па зямлі, каб не прыставалі ніякія хваробы.
Панаваў Пярун найбольш летам. А калі на зямлю прыходзіў бог холаду Зюзя, Пярун з’язджаў на сёмае неба. Але часам вяртаўся ў ранейшыя ўладанні і зімой. Страшнымі былі тады яго вогненныя стрэлы, шмат бяды прыносілі.
Сімвалам Перуна здаўна лічыўся конь, выяву якога людзі выразалі на налічніках сваіх хат для засцярогі ад злога. А яшчэ верылі, што Пярун любіць буслоў. Таму ў той дом, каля якога ёсць буслінае гняздо, не б’е маланка.
Беларусы называлі ў гонар Перуна розныя мясціны. Дагэтуль захаваліся на нашай зямлі Перунова гара, Перунова поле, Перуноў дуб, Пярун-камень.
Паводле А. Бутэвіча
Похожие статьи:
Анатоль Бутэвіч → Анатоль Бутэвіч - У гасцях у вечнасці
Анатоль Бутэвіч → Анатоль Бутэвіч - Каложская царква
Анатоль Бутэвіч → Анатоль Бутэвіч - Перуновага племені дзеці