У дупле вялізнай старой ліпы пасяліўся пчаліны рой. Можа, таму, што дупло было высока над зямлёю, мядзведзям ніяк не ўдавалася выдраць гранкі-соты. А паласавацца мядком яны спрабавалі, бо камель быў добра паабдзіраны іх кіпцюрамі.
Людзі прыкмецілі рой яшчэ вясною. І вось неяк у самы разгар лета, калі з дупла ажно выступіў мёд, да ліпы прыйшло некалькі мужчын. Спыніліся пад дрэвам, глядзелі і слухалі, як гудуць пчолы ў ліпавай кроне. Затым мужчыны ссеклі гонкую яліну, абцерабілі на ёй галіны, пакінуўшы каля камля сукі. Другія нацягалі сухога ламачча. Як толькі яліну прыставілі да ліпы, ламачча падпалілі і пачалі кідаць на агонь сырое галлё. Цёмна-шызы дым узняўся ўгору, ухутаўшы дрэва густым воблакам. І адразу загуло ў кроне – гэта вылятаў з дупла растрывожаны рой.
Крыху пачакаўшы, па яліне, трымаючы пад пахай скураны мех, падняўся маладзейшы з мужчын. Задыхаючыся ад дыму, ён выцягнуў з дупла гранкі і паклаў іх у мех. Радасна ўзбуджаныя, вярталіся мужчыны са здабычай у паселішча.
(154 словы)
Паводле М. Чарняўскага
Похожие статьи:
Клаўдзія Каліна → Клаўдзія Каліна - Ліпень
Мікола Чарняўскі → Мікола Чарняўскі - Цымбалы
Ядвіга Бяганская → Ядвіга Бяганская - Юрка і пчолы
Пераказы, дыктанты → Бортніцтва
Пераказы, дыктанты → Горкі мёд