Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Прыроднае каралеўства
Варыянт 1 (243 словы)
І са мной размаўляюць звяры і птушкі
На дзясятках і тысячах розных моў.
У. Караткевіч.
Калі вы завітаеце ў Гродна цягніком, то недалёка ад чыгуначнага вакзала вас чакае прыроднае каралеўства – заапарк. На яго тэрыторыі плошчай у пяць гектараў сёння жыве больш за тры тысячы насельнікаў.
Тут можна сустрэць «герояў» шматлікіх казак і тэлефільмаў. Мы ўсе добра ведаем казачнага кракадзіла Гену, а гродзенскага алігатара завуць Робін. Гэты доўгажыхар вартуе мясцовы вадаём больш за пяцьдзясят гадоў.
За кратамі сядзіць ліса-рыжуха. Праўда, вочы яе крыху сумныя: няма той прасторы, дзе б яна магла сустрэць Калабка, перахітрыць даверлівага дзеда-рыбака, збегаць на паляванне да мышыных норак.
Па вальеры мітусяцца два шэрыя ваўкі. Яны тут навасёлы і ніяк не могуць зразумець, чаму іх не баяцца нават малыя дзеці.
Пра шматлікіх жыхароў гродзенскага прыроднага каралеўства можна сказаць, што яны самыя-самыя. Тут добра сябе адчуваюць адзін з самых рэдкіх персідскіх леапардаў, адзін з самых прыгожых амурскіх тыграў, адзін з самых вялікіх бурых мядзведзяў, адна з самых ядавітых кобраў, адзін з самых гаваркіх афрыканскіх папугаяў жако. Калі ў вас ёсць вольны час, паназірайце за вярблюдамі, ламай, малпамі, афрыканскай антылопай, снежным барсам, чорным насарогам.
Гэта чароўнае каралеўства задумаў і распачаў у 1927 годзе настаўнік мужчынскай гімназіі Ян Каханоўскі. Ён вёў урокі прыродазнаўства і разам з вучнямі закладваў заапарк, які цяпер у Беларусі з’яўляецца самым буйным і самым старым.
На тэрыторыі Гродзенскага заапарка і цяпер будуюцца новыя вальеры, займальныя атракцыёны. Рыхтуюцца наваселлі для чарговых пасяленцаў, цікавыя забавы для наведвальнікаў. А гэта азначае, што заапарк з гадамі маладзее, становіцца ўсё больш папулярным месцам адпачынку гараджан і гасцей Гродна.
Варыянт 2 (162 словы)
Недалёка ад вакзала ў Гродне знаходзіцца прыроднае каралеўства – заапарк. На яго тэрыторыі ў чатыры гектары жыве больш за дзве тысячы насельнікаў.
Тут можна сустрэць «герояў» казак і тэлефільмаў. Мы ўсе ведаем кракадзіла Гену, а гродзенскага алігатара завуць Робін. Гэты доўгажыхар вартуе мясцовы вадаём больш за пяцьдзясят гадоў.
За кратамі сядзіць ліса-рыжуха. Вочы яе крыху сумныя: Няма той прасторы, дзе б яна магла сустрэць Калабка, перахітрыць даверлівага дзеда-рыбака.
Тут добра сябе адчуваюць адзін з самых рэдкіх персідскіх леапардаў, адзін з самых прыгожых амурскіх тыграў, адзін з самых вялікіх бурых мядзведзяў, адна з самых ядавітых кобраў, адзін з самых гаваркіх афрыканскіх папугаяў жако.
Гэта чароўнае каралеўства задумаў і распачаў у 1927 годзе настаўнік гімназіі Ян Каханоўскі. Ён вёў урокі прыродазнаўства і разам з вучнямі закладваў заапарк, які цяпер у Беларусі самы буйны і самы стары.
На тэрыторыі заапарка будуюцца новыя вальеры, атракцыёны. А гэта азначае, што заапарк з гадамі маладзее, становіцца ўсё больш папулярным месцам адпачынку гараджан і гасцей Гродна.
Паводле У. Ліпскага
Похожие статьи:
Уладзімір Караткевіч → Уладзімір Караткевіч - Хрыстос прызямліўся ў Гародні