Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Прыліпала

   У пушчу я прыехаў ранішнім аўтобусам і ледзьве ступіў на двор мясцовага егера дзядзькі Юзіка, як з бульбоўніку выскачыў шустры ваяка. Ён наставіў на мяне свой аўтамат, але я адразу ўгледзеў, што ствол са сланечніку. Захапіўшы блазнюка ў палон, тут жа ўчыніў яму першы допыт:
   – Як зваць, прызнавайся!
   – Сярожкам...
   Мы шыбуем напрасткі: спачатку зялёным звілістым берагам, затым – логам і хмельнымі гародамі. Сярожка басанож шлапаціць па астылай зямлі побач са мною і сакоча безупынку.
   – Ты, відаць, любіш пушчу? – пытаюся я, і ён нечакана абдымае мяне танклявай, але моцнай рукою, нібы кацяня, трэцца шчакою аб мой пінжак. І ад гэтай раптоўнай даверлівасці маленькага чалавечага сэрца робіцца неяк не па сабе.
   – Я б усе дні сядзеў у лесе. Ці ля вальераў, дзе алені жывуць і зубры.
   У сенцах мы выціраем ногі, а ўвайшоўшы ў хату, бачым, што ўся сям’я ў поўным зборы чакае нас на вячэру.
   Неўзабаве на стале з’яўляецца вялікая эмаліраваная міска з белай гарачай бульбай. Старэйшы з хлопцаў, Жэня, нясе на стол гарлач з малаком, а сярэдні, Валодзя, старанна наразае мяккі хлеб. Сярожка бяжыць у суседні пакой і валачэ адтуль новае крэсла. Ён усаджвае мяне, а сам мосціцца побач, на ложку. Усе, хто тут, за сталом, не зводзяць вачэй са свайго чубатага чыжыка.
   – Ну і прывязлівы ты, сынок, – падае голас маці. – Чалавек не паспеў агледзецца, а ты прыліп, як смала да рук.
   І тут жа Валодзя:
   – Нездарма ў школе прыліпалам завуць…
   На дварэ змерклася, ад сонца не засталося і следу. З раніцы мы дамаўляліся з дзядзькам Юзікам на ўсю ноч ісці ў пушчу слухаць аленяў, але ўсе нашы планы рухнулі: ляснічы прыслаў дзядзьку загад сабрацца ў начное дзяжурства.
   Праз нейкі час у веснікі бухнуўся Сярожка. Радаснае хваляванне рвалася з яго: бацька дазволіў ісці са мной.
   Бралася ціхая ноч. І цёплая, быццам сагрэлася ў нашых кажухах. Паміж дрэў зыбаецца месяц, белы і круглы. Як не пад самым носам хрупнуў сушняк. Мы спыніліся і ўбачылі, як з лесу выйшаў рагач. Ён пастаяў, павёў галавой у наш бок, пагрозліва варухнуў магутнымі рагамі, сцішана, быццам чалавек, захроп, ударыў заднімі нагамі ў зямлю і кінуўся ў лес.
   Яшчэ гадзіну назад мы меркавалі нанач вярнуцца дахаты, наесціся перад сном малака з хлебам, спаць на сухой атаве, а цяпер пра гэта я ўжо не думаў і спытаў:
   – А калі мы тут заначуем?
   Копы стаялі пасярэдзіне лугу. Мы выбралі бліжэйшую да лесу. У ботах і кажухах пазашываліся ў сена, якое там, усярэдзіне, абдало сухасцю і цеплынёю.
   Я прачнуўся пад раніцу. Адкрыўшы вочы, разгледзеў над сабою месяц. Нешта кратаецца блізка, і я ўжо чую ціхі Сярожкаў голас:
   – У мяне два яблыкі ёсць.
   Расплюшчыўшы вочы, прыўзнімаю галаву і бачу, як са свежай, нібы раніца, усмешкай на мяне зіркае Сярожа. І мне зноў становіцца лёгка і супакойна.
   Спакваля туман асядаў, з лясных берагоў спадала яго белая начная коўдра. Па белай малочнай рацэ плылі рогі аленя. На самым узлессі я заўважыў сілуэт яшчэ аднаго аленя. Неўзаметкі яны або два нырнулі ў туман і замоўклі, а праз кароткі час адтуль данёсся сухі, нібы дрэва аб дрэва, удар, яшчэ ўдар... яшчэ... Там біліся рагачы.
   Пакінуўшы ўгрэтыя сянныя пячоры, мы вярталіся дахаты. Сярожка зноў сакатаў, быццам не было ў яго трывожнай ночы і беганіны па лесе. Цікавасць да ягоных расказаў не гасла і цяпер.
   Прыліпала... Гэтае Валодзева слоўца нечакана ўспыхнула ў маёй памяці зусім іншым святлом, як учора за вячэраю. Можа, тым, што праменяць ракавіны малюскаў, якія недзе на далёкіх марскіх шыротах вось гэтак жа даверліва ліпнуць да чужых караблёў, а потым, ужо ля берага, сарваныя з карабельнай абшыўкі чарнаногімі, як Сяргей, хлапчукамі, грэюцца на чалавечых далонях, радуюць чалавечыя душы гулам далёкіх мораў.
   Як гэтая ноч з Сярожкам, узбуджанымі аленямі, капою цёплага сена, вялікасна-белым месяцам над галавой…
(600 слоў)

(Паводле В. Карамазава)