Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Прылёт птушак
Варыянт 1 (70 слоў)
Раніца была ціхая. Узыходзіла сонца. Лужыны сцягнуліся за ноч лёдам. У цяньку ляжаў яшчэ снег. Але ўжо блізка вясна.
Выйшаў Ясь на двор. Сонейка прыгравае. Радасна яму на сэрцы. Раптам нешта ў небе зазвінела. Хлопчык прыслухаўся. Па наваколлі разлівалася тоненькая песенька. Хто ж там так пяе? Ясь убачыў у небе жаваранка. Гэтыя птушкі ўжо вярнуліся з далёкай старонкі. Цяпер будуць усё лета ў небе гучаць іх звонкія песні.
Варыянт 2 (320 слоў)
Ціхая веснавая раніца. Сонейка толькі што ўзышло. У полі яшчэ ляжыць снег. Толькі ўзгоркі чарнеюць. Лужынкі зацягнуліся за ноч лядком, але ужо чуваць вясна, і усё пазірае па-веснавому.
Выйшаў маленькі Ясь на двор. Весела там яму, лёгка на сэрцы. Прыгрэе зараз сонца, добра тады будзе гуляць на дварэ, плюхаць па лужынах.
Але хто гэта звоніць у небе тоненькім сярэбраным званочкам? Так хораша, так міла – душа замірае. Ясь прыслухаўся. Не відаць нічога, але чуваць, як у небе ціха разліваецца тоненькая песенька, быццам хтосьці грае на маленькай сярэбранай дудачцы.
Гэта жаваранак! І так весела стала Ясю, што здаецца яму: нават пацалаваў бы гэтую мілую птушачку, каб мог. Як хораша, што яна ўжо вярнулася з далёкай старонкі ў свой родны край і ў ясным небе заліваецца дзіўнай песняй.
– Тата! Тата! Чуеш жаваранка? – пытаецца хлопчык.
Бацька Яся прыслухоўваецца.
– Так, гэта жаваранак. Зараз, брат, і шпак прыляціць, а там і бусел, а за ім і ўсе астатнія птушкі.
Рады Ясь, што першы пачуў жаваранка, і бяжыць хваліцца сваім сябрам. Дзеці выходзяць на двор слухаць першую песню вясны, радасна скачуць і весяляцца.
– Эх, дзеці! Не скора яшчэ вясна, – кажа хто-небудзь старэйшы.
Але дзеці не слухаюць такія размовы. Ім падабаецца вясна, падабаецца, калі гавораць аб вясне. Нават калі пахаладае, дзеці не паказваюць, што ім холадна. Не, не холадна ім, нават горача.
Кожную новую госцю-птушку дзеці сустракаюць з радасцю. Праз некаторы час будуць яны радавацца шпаку, які следам за жаўранкам прылятае. Холадна, туман, а шпак мала дбае. Сядзіць сабе дзе-небудзь на голай бярозе і спявае на ўсё поле вясёлыя песні, як бы і холаду яму няма.
У канцы сакавіка ўжо збіраецца шмат птушак. У лесе спяваюць дразды, лясныя жаваранкі, а па балоце важна прахаджваецца бусел. Па стрэхах бегаюць шустрыя бела-рудыя сітаўкі, трасуць сваімі доўгімі хвастамі. Увечары, калі выйдзеш на двор, то пачуеш, як крычаць качкі, жалобна стогнуць кнігаўкі. Недзе на возеры, як у кадушку, грукае бугай. Розныя галасы поўняць празрыстае веснавое паветра. Усё спявае і радуецца.
Паводле Я. Коласа
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Сойка (Паводле У. Ягоўдзіка)
Пераказы, дыктанты → Бясхвосты шпак
Пераказы, дыктанты → Абед у мяцеліцу