Мінск – самы буйны з гарадоў Беларусі. Сталіцы больш за дзевяцьсот сорак гадоў.
Гісторыя была бязлітаснай да горада і яго жыхароў. Не раз Мінск быў знішчаны. Таму тут можна паказаць турысту толькі некалькі старых пабудоў і храмаў XVІ – XVІІІ стагоддзяў ды некалькі будынкаў эпохі класіцызму.
Праспект Незалежнасці – цэнтральная вуліца сталіцы. Праедзьце па ім. Ад плошчы Незалежнасці з Домам урада вы трапіце на Кастрычніцкую плошчу, на якой стаіць Палац Рэспублікі. А насупраць яго – сквер, тэатр імя Янкі Купалы. Зусім побач вы ўбачыце танк на пастаменце. Гэта помнік танкістам, што першыя ўварваліся ў Мінск у ліпені 1944 года.
А пасля аўтобус памчыць вас паўз Свіслач, пакружыць ля абеліска на плошчы Перамогі. І далей, далей. Ля бронзавага задуменнага Коласа між галінастых бяроз, ля філармоніі. Міма батанічнага саду, і цёмнахваёвага парку імя Чалюскінцаў. Вы праедзеце шмат старых і новых будынкаў і трапіце на шырокую шашу, якая бяжыць між лясоў і ўзгоркаў да самай Масквы.
Мінск у вайну змагаўся гераічна. Гераічна паўставаў пасля вайны з попелу. Гораду-герою належыць быць прыўкрасным. І ён прыўкрасны. У кожны час дня і ночы, у кожную пару года. А будзе яшчэ прыгажэйшы.
(180 слоў)
(Паводле У. Караткевіча)
Похожие статьи:
Пераказы → Мінская ратуша
Пераказы → Мінскі чыгуначны вакзал
Пераказы → Мінскі метрапалітэн
Пераказы → Прывакзальная плошча
Пераказы → Няміга (Паводле А. Бутэвіча)