Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Мінскі чыгуначны вакзал

   У гісторыі старажытнага і вечна маладога Мінска шляхі-дарогі заўсёды мелі надзвычай важнае значэнне. Сучасныя гарадскія магістралі і плошчы, метрапалітэн, кальцавая дарога сёння шмат у чым вызначаюць жыццё мінчан, іх узаемаадносіны і ўзаемасувязі, гандлёвыя, культурныя і сацыяльна-бытавыя магчымасці. Разгалінаваная транспартная сістэма са шматлікімі развязкамі, пераходамі, тунэлямі і мастамі, новымі транспартнымі збудаваннямі дапамагае руху людзей да месцаў іх працы і адпачынку, да аб’ектаў культуры, адукацыі, аховы здароўя. У гэтай транспартнай сістэме асаблівае месца займае галоўны чыгуначны вузел сталіцы і ўсёй краіны – Мінскі чыгуначны вакзал.
   Трыццатага снежня 2000 года ў архітэктурным жыцці краіны адбылася знамянальная падзея –  узведзены новы будынак Мінскага чыгуначнага вакзала, здольны прыняць больш за сем тысяч пасажыраў. Акрамя таго, добраўпарадкаваны сумежныя вуліцы, плошчы, паркі і скверы.
   Мінчане з поўным правам могуць ганарыцца сваім чыгуначіным вакзалам, народжаным беларускай архітэктурнай школай і створаным рукамі і талентам беларускіх будаўнікоў. Архітэктура Мінскага чыгуначнага вакзала знакавая для сталіцы Беларусі. Тут, на перакрыжаваннях Еўропы, мінчане і госці сталіцы па-асабліваму адчуваюць рух часу. Вакзал не церпіць шчаслівага стану спакою, ён далучае нас да дзеяння, плённага і актыўнага. Такі характар заўсёды меў наш вакзал, які быў узведзены ў 1874 годзе, перабудаваны ў 1939-м, адноўлены ў 1949-м і на рубяжы стагоддзяў уступіў сваё гістарычнае месца новаму збудаванню.
   Навечна застануцца ў архіве вакзала гістарычныя падзеі, сустрэчы, радасныя і сумныя, памятныя і будзённыя. Атмасфера бурлівага прывакзальнага жыцця – адна з любімых тэм кінематаграфістаў, літаратараў, мастакоў. У многіх кінафільмах, творах літаратуры і выяўленчага мастацтва знайшлі адбітак гісторыі пра Мінскі чыгуначны вакзал, дарэвалюцыйныя, часоў грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў, пасляваеннага і аднаўлення Мінска.
   На мяжы тысячагоддзяў у выніку творчага супрацоўніцтва беларускіх архітэктараў Міхаіла Вінаградава і Віктара Крамарэнкі сталіца Беларусі атрымала новы ўнікальны вакзальны комплекс, сучасны па абліччы, дынамічны па камунікацыі, з высокім узроўнем камфорту для пасажыраў. Арыгінальны дызайн будынка са шкла і металічных канструкцый гарманічна ўпісаўся ў ампірны стыль старой плошчы.
   Прастора, арганізаваная пры дапамозе празрыстых сцен, мноства холаў, вестыбюляў, дазваляе пасажырам адчуваць рух людской масы. Разам з тым у інтэр’ерах ёсць шмат ціхіх куткоў, дзе можна адасобіцца ў чаканні поезда. Візуальныя паказальнікі і надпісы, гукавыя паведамленні арганізуюць арыентацыю пасажыраў на тэрыторыі комплексу.
   У нетрах будынка знаходзяцца залы чакання, білетныя касы, камеры для захоўвання багажу, даведачныя службы, кафэ, буфеты, рэстаран, магазіны, пошта, телеграф і многае іншае. Тут размясціліся таксама більярдная зала, абсталяваная сучаснымі сродкамі сувязі канферэнц-зала. Па паверхах вакзала пасажыры і наведвальнікі могуць перамяшчацца ў зручных і прасторных ліфтах. Падлогавае ацяпленне, сістэма кандыцыяніравання і праветрывання памяшканняў, сучасныя эскалатары заслугоўваюць самай высокай ацэнкі. Ад чыгуначных перонаў да станцыі метро пралягае падземны пераход, які лічыцца самым доўгім у горадзе.
   У абрысах вакзала праглядаецца шатровае пакрыццё, якое сімвалізуе лодку, што сугучна з вобразам азёрна-рачной Беларусі, дзе здаўна асноўнымі шляхамі перамяшчэння былі водныя . Беларуская "лодка" нібы чакае, запрашае ў падарожжа мінчан і гасцей сталіцы.
   Аўра, якая ствараецца каларытам Мінскага чыгуначнага вакзала, яго ўрачыстасць, вытанчанасць архітэктурных форм зноў і зноў вяртаюць сюды кожнага, хто хоць раз карыстаўся яго паслугамі.
(471 слова)

Паводле У. Валожынскага, С. Волкавай.

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыМінскі метрапалітэн

Пераказы, дыктантыПрывакзальная плошча

Пераказы, дыктантыМінская ратуша

Эдзі АгняцветЭдзі Агняцвет - Мой горад Мінск у час ваенны

Пераказы, дыктантыНяміга