У кожнай пары года ёсць свой уладар ці ўладарка. У зімы гэта сівабароды Зюзя, апрануты ў доўгі белы кажух. Ходзіць ён басанож па заснежаным лесе і стукае па здранцвелых дрэвах жалезнай булавой. Трашчаць, лютуюць удзень і ўначы маразы – верныя Зюзевы служкі. А днём, калі прыгрэе ласкавае сонейка, навокал весела звіняць капяжы: «Вясна блізка!» Гэту радасную песеньку падхопліваюць маленькія сінічкі і першыя ручайкі: «Вясна блізка!»
Мінае тыдзень-другі, і зласлівы Зюзя, хлюпаючы мокрым носам, нарэшце ўцякае далёка на поўнач. Вось тады з’яўляецца ўладарка вясны Ляля, якая ідзе праз лясы і балоты, праз азёры і рэкі, праз вёскі і гарады. Як дбайная гаспадыня, ідзе яна ў лёгкай сукенцы, вытканай з сонечных промняў, з зялёнымі косамі за спінай, расплеценымі гарэзлівым ветрыкам. Нездарма людзі кажуць: «Прыгожая, як Ляля!» Махне Ляля рукою – ляцяць з выраю хуткакрылыя птушкі, махне другі раз – рассыпаюцца рознакаляровыя кветкі.
Калісьці ў беларускіх вёсках у гонар Лялі ладзілі прыгожае свята. Адбывалася яно пятага мая. Дзяўчаты выбіралі замест Лялі сваю сяброўку. Яна апранала белую кашулю, абвівала стан зялёнымі галінкамі, надзявала на галаву вяночак, сплецены з веснавых красак. Дзяўчаты прыносілі хлеб, малако, яйкі і вадзілі вакол Лялі карагод, спяваючы песні-вяснянкі.
Калі прыходзіць Ляля, у лесе зацвітаюць пралескі. Рука не паднімаецца, каб нарваць букецік, бо пралескі – незвычайныя кветкі. Яны такія ж блакітныя і пяшчотныя, як вочы прыгажуні Лялі, якая штогод прыводзіць да нас вясну.
(222 словы)
Паводле У. Ягоўдзіка
Похожие статьи:
Якуб Колас → Якуб Колас - Вясна
Анатоль Бутэвіч → Анатоль Бутэвіч - Перуновага племені дзеці
Пераказы → Гуканне вясны
Пераказы → Прыход вясны
Пераказы → Сустрэча вясны