Чырвоны певень з адмарожаным грэбнем і распухлымі «завушніцамі» вылезе праз акенца з куратніка, спусціцца па драбінках на двор, квола падымаючы то адну, то другую таксама прымарожаную нагу і, нязграбна захлопаўшы крыллем, заспявае. Затым, раз-пораз высока задзіраючы галаву, нап’ецца вады з малюпасенькай лужыны хлява і, шмаргануўшы крылом па назе, патупае бокам-бокам да курэй, якія, збіўшыся ў купку, пастануць ля хлява, на сонейку, надзяўбаўшыся з карыта халоднага цеста. У гэты час старая бабулька Наста радасна ўздыхне:
– О, дзякуй богу, вясна будзе ранняя... Кажуць жа людзі, калі на грамніцы нап’ецца певень пад страхой вадзіцы, дык на Юр’я на пашы наесца вол травіцы.
Але да вясны, вядома, яшчэ далёка. Ледзь толькі сонца зверне з поўдня, як адразу пачынае халаднець. З шыфернага даху пазвісаюць вострыя рыжаватыя ледзяшы, куры зноў пахаваюцца на куросані, а на шыбы акон зноў палезе мароз, вырысоўваючы пальмы, елкі, лісце папаратніку, казачныя кветкі і травы.
(143 словы)
Паводле В. Дайліды
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Абуджэнне (Паводле Я. Коласа)
Пераказы, дыктанты → Гуканне вясны
Якуб Колас → Якуб Колас - Вясна
Пераказы, дыктанты → Сустрэча вясны
Пераказы, дыктанты → Прыход вясны