Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Прадвесне мары

Варыянт 1 (249 слоў)
   На Яўменавай гары было людна. Тут сабраліся і старыя, і малыя. Былі ўсе, хто даведаўся, што Віталь збіраецца паляцець на нейкім апараце, якога тут раней ніхто не бачыў.
   Калі Віталь з хлопцамі прынеслі на гару дэльтаплан, змайстраваны сваімі рукамі, узмацніўся вецер. Пасялкоўцы і дырэктар школы адгаворвалі Віталя, папярэджвалі, упрошвалі не ляцець. Але хлопец не звяртаў увагі на іх, жартуючы, рыхтаваўся да палёту. Віталь хадзіў вакол дэльтаплана, нешта насвістваў сабе пад нос, кратаў крылы, пазіраваў перад фотаапаратам. Дзятва кружылася вакол хлопца роем, з зайздрасцю пазірала на дэльтаплан.
   Праз нейкі час Віталь ляцеў над стадыёнам вышэй за старыя, абсыпаныя белым іскрыстым снегам сосны. Ляцеў ён свабодна, выцягнуўшы, нібы бусел, ногі, пагойдваючы доўгімі крыламі дэльтаплана, пазіраючы з вышыні на зямлю, якая яго нарадзіла.
   Гэта зямля была паліта кроўю тых, хто абараняў яе са зброяй, потам бацькоў, якія ў цяжкі пасляваенны час будавалі пасёлак. Яна сваім цяплом грэла босыя ногі Віталева дзяцінства.
   Робячы круг, хлопец узнімаўся ўсё вышэй і вышэй. Цяпер з зямлі ўсім, хто верыў у палёт, ён здаваўся маленькім, але моцным і смелым.
   Усе, хто дачакаўся гэтага моманту, каціліся з гары ўніз, потым беглі па стадыёне і, падкідваючы ўгару шапкі, крычалі «ўра». Фотаапарат спыняў дзівосныя імгненні перамогі Віталя.
   – Ляціш! Ляціш! – крычалі радасна пасялкоўцы.
   Тысячы людзей да гэтага часу ўздымаліся ў неба не толькі на такіх, а на значна лепшых апаратах, але Віталеў палёт над зямлёй здаваўся сімвалам сапраўднага імкнення ў вялікае жыццё. Імкнення да яшчэ не зусім акрэсленай мары. Гэты палёт быў яе прадвеснем, як прадвеснем раніцы бывае песня.

 


 

Варыянт 2 (158 слоў)

   На Яўменавай гары было людна. Тут сабраліся старыя і малыя – усе, хто даведаўся, што Віталь збіраецца паляцець на нейкім апараце, якога раней ніхто не бачыў.
   Калі хлопцы прынеслі на гару дэльтаплан, узмацніўся вецер. Пасялкоўцы і дырэктар школы адгаворвалі Віталя, папярэджвалі, упрошвалі. Але хлопец хадзіў вакол дэльтаплана, нешта насвістваў сабе пад нос, кратаў крылы, пазіраваў перад фотаапаратам.
   Праз нейкі час Віталь ляцеў над стадыёнам вышэй за старыя сосны. Ляцеў ён свабодна, выцягнуўшы, нібы бусел, ногі і пазіраючы з вышыні на зямлю, якая яго нарадзіла.
   Робячы круг, хлопец узнімаўся ўсё вышэй і цяпер з зямлі здаваўся маленькім, але моцным і смелым.
   Усе, хто дачакаўся гэтага моманту, каціліся з гары ўніз, потым беглі па стадыёне, падкідваючы ўгару шапкі, крычалі «ўра». Фотаапарат спыняў дзівосныя імгненні перамогі Віталя.
   Тысячы людзей да гэтага часу ўздымаліся ў неба не толькі на такіх апаратах, але Віталеў палёт над зямлёй здаваўся сімвалам сапраўднага імкнення ў вялікае жыццё, імкнення да яшчэ не зусім акрэсленай мары.

Паводле У. Саламахі

 

Похожие статьи:

Васіль ЖуковічВасіль Жуковіч - У горадзе мары

Пераказы, дыктантыМара здзейсніцца

Пераказы, дыктантыВаськава мара

Пераказы, дыктантыЗапаветная мара

Васіль ЖуковічВасіль Жуковіч - Дзіўны горад