Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Помнік
Помнік дэсантнікам кінуўся ў вочы адразу, як толькі Алёша прайшоў балотца. Невялікая піраміда з бетону была пастаўлена на плоскі валун. На пірамідзе высечаны словы: «Вам абавязаны жыццём мы, жывыя. Подзвіг ваш навекі зберажэ ўдзячная памяць народа». Алёша абышоў вакол помніка, спадзеючыся яшчэ нешта прачытаць, бо з гэтага скупога надпісу нічога нельга даведацца. Ён чуў, што тут біліся трое сутак васямнаццаць маракоў-дэсантнікаў. Усе яны загінулі. Але нічога пра гэта на помніку не было напісана. Нават ніводнага прозвішча. Помнік сведчыў толькі пра тое, што тут быў калісьці бой, ірваліся гранаты, сплюшчваліся аб камяні кулі, падалі на зямлю забітыя матросы. На валуне засталіся сляды ад куль і асколкаў.
Алёша ўзлез на валун, выпрастаўся, агледзеўся. Убачыў траншэю, якая ахінала помнік. Хлопчык скокнуў з валуна і пашыбаваў да траншэі. На знешняй яе лініі складзены ў кучкі камяні. Гэта амбразуры для стральбы. Іх было васямнаццаць. З-за іх стралялі дэсантнікі. Ідучы па траншэі, Алёша каля кожнай амбразуры прыгінаўся, выстаўляў уперад, як аўтамат, дубец і «страляў». I так васямнаццаць разоў. Па адной чарзе за кожнага з маракоў, што біліся тут і загінулі. Гледзячы на раскіданае каменне, Алёша раптам уявіў, што паўзуць на траншэю шэра-зялёныя салдаты. I ён закрычаў, як крычаў, відаць, калісьці камандзір дэсанта: «Браткі! Біце іх!» Узрушанаму пасля такога «бою», яму хацелася адчуць каго-небудзь побач, каб разам парадавацца перамозе.
Пасядзеўшы крыху на краі траншэі, ён дубцом пачаў успорваць зямлю на дне, намерваўся нешта знайсці. Можа, аўтамат, вінтоўку або кулямёт. Калі зламаўся дубец, пачаў разграбаць рукамі і нагамі. Пальцы балелі ад вострага жвіру. Адкапаў квадратнае люстэрка, нейкую трубку з гайкай, зламаную лыжку. I хутка хлопцу пашанцавала: ён знайшоў вінтовачную абойму. Пяць пазелянелых патронаў, счэпленых пласцінаю, нібы зрасліся. Хлопчык доўга круціў у руках абойму, не адважваючыся разняць яе на асобныя патроны. Так цэлую абойму і схаваў у куртку.
Абхапіўшы рукамі калені, Алёша глядзеў на мора. Трывога напоўніла грудзі. Хлопцу было шкада матросаў. Быццам ён быў сярод іх, дзяліў з імі ўсё пароўну: смагу і страшэнную стому, боль і раны, жыццё і смерць. Вось толькі невядома, якія былі апошнія хвіліны дэсантнікаў. Хто пра іх раскажа?
Млявасць, санлівасць апанавалі хлопчыка, галава затуманілася... I раптам паўсталі перад вачыма апошнія хвіліны дэсантнікаў. Яны не спаўзлі мёртвыя на дно траншэі. Яны ўвайшлі ў мора. Абняўшыся, падтрымліваючы адзін аднаго, матросы стаяць у вадзе. Акрываўленыя, параненыя, але жывыя. Чорныя стужкі бесказырак трапечуць на ветры. I хоць ні гранат, ні патронаў у маракоў не засталося, ворагі не адважваюцца падысці блізка. Фашыстаў процьма, наступаюць ланцугом, хочуць узяць маракоў жывымі. Ужо блізка яны. Уратавала сваіх сыноў мора. Яно ўзнялося, падхапіла матросаў і адкінула далёка ад берага. I матросы пайшлі па хвалях над марскім бяздоннем...
Алёша расплюшчыў вочы. Сон адляцеў, як пырскі вады ад граніту. Хлопчык пацягнуўся, выпрастаўся і пачаў спускацца да вады. Ён паверыў у тое, што дэсантнікі не загінулі, а прайшлі па моры, як на крылах.
Перад вяртаннем у пасёлак Алёша яшчэ раз падышоў да помніка, прачытаў надпіс і нечакана на валуне ўбачыў букецік свежых кветак марошкі з кропелькамі расы. Ля помніка на разасланым чорным плашчы сядзеў стары марак. Алёша прысеў побач на край плашча. Яму вельмі хацелася расказаць пра тое, як ішлі па вадзе матросы.
Людзі могуць не толькі хадзіць, але і лятаць, не гарэць у агні, не тануць у моры і заставацца жывымі, калі нават ім у грудзі выпускаюць чаргу з аўтамата... Вядома, не ўсе людзі, а толькі самыя верныя сваёй зямлі і мору.
(549 слоў)
Паводле В. Хомчанкі.
Похожие статьи:
Васіль Хомчанка → Васіль Хомчанка - Янкава рукавічка
Васіль Хомчанка → Васіль Хомчанка - Дзве Дашы
Васіль Хомчанка → Васіль Хомчанка - Звон пад зямлёй