Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Помнік
Варыянт 1 (311 слоў)
Не патрэбна ніякаму часу вайна!
Не патрэбна і нашаму веку!
Л. Воранава.
Ігнат прачнуўся рана. Скрозь аконныя фіранкі прабіваліся першыя сонечныя промні. Хлопец успомніў, што сёння Дзень Перамогі. Вучні старшых класаў пойдуць на мітынг да помніка Невядомаму Салдату.
«І навошта прыдумалі гэтыя мітынгі? Пяць кіламетраў ісці да таго помніка! Лепш паспаў бы яшчэ», – абурана думаў хлопец. Ён павярнуўся на другі бок і заплюшчыў вочы.
У гэты момант у пакой зайшла мама і нагадала ўзяць з сабой кветкі.
«Навошта мне гэтыя кветкі?» – прабурчаў сын.
Праз гадзіну хлопец разам з аднакласнікамі крочыў на ўрачыстасць. Настаўнікі і школьнікі неслі букеты рознакаляровых цюльпанаў, белых нарцысаў і іншых майскіх кветак. Толькі Ігнат быў без букета. Але хлопец не надта перажываў.
Мітынг распачаў дырэктар школы. Ён расказаў пра жудасныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны, пра тое, колькі пакут яна прынесла беларускаму народу. Людзі дзякавалі ветэранам, якія прыйшлі да помніка, каб ушанаваць памяць салдат, сяброў, аднавяскоўцаў, што загінулі ў гады вайны. Вучні чыталі вершы, спявалі песні.
Ігнат стаяў насупраць залітага сонечным святлом помніка і ўглядаўся ў твар салдата. Гэта быў малады мужчына ў ваенным абмундзіраванні з накінутым на плечы плашчом. На мужным твары застыла лёгкая ўсмешка. Добрыя вочы пазіралі кудысьці ўдалечыню. У адной руцэ салдат трымаў пілотку, а другая напружана сціскала апушчаны аўтамат. Мабыць, гэта азначала, што вайна ўжо скончылася, але, калі спатрэбіцца абараняць Радзіму, салдат адважна кінецца ў бой.
«Можа, гэтаму салдату было столькі ж гадоў, колькі цяпер майму бацьку, – разважаў хлопец. – Можа, з вайны яго чакалі дзеці і жонка, а ён не вярнуўся. Родныя нават не ведаюць, дзе ён пахаваны».
Раптам Ігнату здалося, што салдат пазірае на яго з дакорам. Да горла падступіў камяк. На душы зрабілася прыкра. Хлопцу стала сорамна, што нават маленькую падзяку – букет кветак – ён пакінуў дома. Ігнат пачырванеў.
Пасля мітынгу ўсе вучні ўскладалі вянкі і букеты да помніка Невядомаму Салдату. Ігнат апусціў галаву і адышоў убок.
Прыйшоўшы дадому, ён схапіў букет, нарваў яшчэ ў агародзе кветак, сеў на веласіпед і памчаўся назад да помніка.
Варыянт 2 (220 слоў)
Ігнат прачнуўся рана. Сёння Дзень Перамогі. Вучні пойдуць на мітынг да помніка невядомаму салдату ў вёсцы Грамкі.
«Навошта прыдумалі гэтыя мітынгі? Лепш паспаў бы яшчэ», – абурана думаў хлопец.
Мама нагадала ўзяць з сабой кветкі.
«Навошта мне гэтыя кветкі?» – прабурчаў сын.
Праз гадзіну хлопец разам з аднакласнікамі крочыў у Грамкі. Школьнікі неслі букеты майскіх кветак. Толькі Ігнат быў без букета.
Мітынг распачаў дырэктар школы. Ён расказаў пра тое, колькі пакут вайна прынесла беларускаму народу. Людзі дзякавалі ветэранам, якія прыйшлі да помніка. Вучні чыталі вершы, спявалі песні.
Ігнат стаяў насупраць залітага сонечным святлом помніка і ўглядаўся ў твар невядомага салдата. Гэта быў мужчына ў ваенным абмундзіраванні з накінутым на плечы плашчом. На мужным твары застыла лёгкая ўсмешка. У адной руцэ салдат трымаў пілотку, а другая напружана сціскала апушчаны аўтамат. Мабыць, гэта азначала, што вайна ўжо скончылася, але, калі спатрэбіцца абараняць Радзіму, салдат адважна кінецца ў бой.
«Можа, гэтаму салдату было столькі ж гадоў, колькі цяпер майму бацьку? – разважаў хлопец. – Можа, з вайны яго чакалі дзеці і жонка, а ён не вярнуўся. Родныя нават не ведаюць, дзе ён пахаваны».
Раптам Ігнату здалося, што салдат пазірае на яго з дакорам. Да горла падступіў камяк. Хлопцу стала сорамна, што нават маленькую падзяку – букет кветак – ён пакінуў дома.
Пасля мітынгу Ігнат прыбег дадому, нарваў у агародзе кветак, сеў на веласіпед і памчаўся назад у Грамкі.
Паводле Г. Скаржынскай-Савіцкай
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Помнік у Трэптаў-парку
Васіль Зуёнак → Васіль Зуёнак - Помнік
Пераказы, дыктанты → Помнікі студэнтам
Анатоль Грачанікаў → Анатоль Грачанікаў - Каля помніка партызанскай славы «Прарыў»