Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Помнікі студэнтам

   У розных гарадах свету ёсць помнікі і скульптурныя кампазіцыі, прысвечаныя студэнтам. Апошнім часам і ў Беларусі з’явілася некалькі такіх помнікаў.
   Напрыклад, студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі паставілі помнік самім сабе на ўласныя грошы. Малады чалавек з бронзы "вучыцца" на факультэце камп’ютарных сістэм і сетак. Юнак з ноўтбукам у руках і рукзаком за плячыма ўпэўнена глядзіць наперад – такім убачыў сучаснага студэнта-праграміста мінскі скульптар Дзмітрый Аганаў. У бронзе ўвасоблены вобраз, прыдуманы самімі студэнтамі. Гэта крэатыўны малады чалавек, які імкнецца да ведаў, мае пачуццё гумару, не абцяжараны лішняй вагой і мускулатурай.
   Бронзавы студэнт, які нагадвае Францыска Скарыну ў маладыя гады, стаіць каля галоўнага корпуса Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Статуя ўстаноўлена ў гонар васьмідзесяцігоддзя гэтай установы адукацыі. Скульптар Павел Лук, стваральнік помніка, узяў за аснову вобраз аднаго з самых вядомых студэнтаў Беларусі, славутага дзеяча эпохі Адраджэння. У руках у "маладога Скарыны" – кніга і старажытны скрутак, што сімвалізуюць перадачу ведаў ад старэйшага пакалення нашчадкам. "Веды – сіла", – гаворыць надпіс на пастаменце статуі, нагадваючы беларускім студэнтам пра перавагі атрымання вышэйшай адукацыі.
   Свабодалюбівы і адухоўлены студэнт незалежных поглядаў – менавіта такія рысы беларускага студэнта вылучылі ў Полацкім дзяржаўным універсітэце, калі было прынята рашэнне паставіць помнік мясцоваму студэнту. Мінскі скульптар Аляксандр Прохараў стварыў вобраз сярэдневяковага шкаляра: на галаве ў яго трохвугольная шапка, у руках – кнігі, пяро і скрутак з гербам універсітэта. Двухметровы помнік студэнту з мінулага – гэта даніна памяці першай на тэрыторыі Беларусі вышэйшай навучальнай установе. Полацкі езуіцкі калегіум быў заснаваны ў тысяча пяцьсот васьмідзясятым годзе вялікім князем літоўскім Стэфанам Баторыем. У тысяча восемсот дванаццатым годзе яго пераўтварылі ў Полацкую езуіцкую акадэмію.
   Паставіўшы помнік студэнту, кіраўніцтва Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта задумалася: усё ж большасць студэнтаў ва ўніверсітэце і ў Беларусі – дзяўчаты. Значыць, трэба ўганараваць і іх. Скульптурная кампазіцыя "Студэнтка дваццаць першага стагоддзя", створаная Леанідам Мінкевічам, упрыгожыла фае галоўнага корпуса Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, што знаходзіцца ў Наваполацку. На лаву "прысела" сімпатычная дзяўчына ў джынсах і басаножках на высокіх абцасах. У адрозненне ад бронзавага шкаляра, размешчанага на другім беразе Дзвіны, дзяўчына дэманструе характар, звычкі і інтарэсы сучасных прадстаўніц прыгожай паловы. Адкрытая кніга і мабільны тэлефон у руцэ сімвалізуюць імкненне спасцігаць новае і заўсёды быць на сувязі.
   У Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны таксама ёсць помнік студэнтцы. Ён быў урачыста адкрыты дваццаць пятага студзеня дзве тысячы дзясятага года, у Таццянін дзень, які традыцыйна лічыцца святам студэнтаў. Відаць, прыгожую бронзавую студэнтку таксама завуць Таццянай. Ініцыятарамі ўстаноўкі скульптуры сталі самі студэнты. Быў аб’яўлены конкурс эскізаў. Сярод іх былі работы "Студэнт з бутэрбродам", "Студэнцкае сяброўства" і іншыя. Конкурсныя работы выстаўляліся ў холе ўніверсітэта для азнаямлення, кожны мог прагаласаваць за той ці іншы эскіз. Перамагла работа Яны Канавалавай, творы якой упрыгожваюць не толькі Гомель. На каленях бронзавай студэнткі ляжыць разгорнутая кніга, у левай руцэ дзяўчына трымае яблык, а побач знаходзіцца яе сумка. Відаць, у конкурсе перамог менавіта жаночы вобраз таму, што большасць студэнтаў універсітэта – хлопцы.
(462 словы)

Паводле А. Лешык, Д. Дзежыца.

Похожие статьи:

Васіль ЗуёнакВасіль Зуёнак - Помнік

Пераказы, дыктантыПомнікі жывёлам

Анатоль ГрачанікаўАнатоль Грачанікаў - Каля помніка партызанскай славы «Прарыў»

Пераказы, дыктантыВечны студэнт

Пераказы, дыктантыПомнік