Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Повязь часоў – беларускі ручнік

   Што мы сёння ведаем пра беларускі ручнік? Для большасці сучасных беларусаў гэта проста элемент аздобы. Мала хто памятае, што за кожным узорам на ручніку – ромбікамі, птушачкамі і кветачкамі – тоіцца глыбокі сэнс. Арнамент служыў нашым продкам своеасаблівай мовай. Хтосьці скажа: навошта нам у век інтэрнэту і нанатэхналогій тканыя і вышываныя ручнікі? Аднак мы не маем права страціць гэтую спецыфічную мову кантакту са сваёй зямлёй, са сваімі продкамі. Народная творчасць складае наша вялікае багацце, якім беларусы павінны ганарыцца. На жаль, сёння носьбітаў унікальных традыцый становіцца ўсё менш. Таму ўзнікае вострая неабходнасць у актуалізацыі звычаяў і абрадаў, звязаных з беларускім ручніком.
   Фальклорныя святы пачынаюцца традыцыйнай сустрэчай гасцей хлебам-соллю на ручніку. Варта адзначыць, што толькі ў нашай краіне існуе такая багатая традыцыя выкарыстання ручнікоў – ад простых уціральнікаў да вясельных, пахавальных і ручнікоў на абразах. Усе яны неслі адну і тую ж глыбінную сімволіку аховы, добразычлівага ўплыву найвышэйшых сіл. Высокі ўзровень засцерагальнай функцыі ручніка можна растлумачыць тым, што калісьці ён, відаць, быў сімвалам роду, яго заступнікам, абаронцам.
   Традыцыйны побыт беларуса нельга ўявіць без ручніка – белага падоўжанага кавалка палатна з узорыстымі краямі. У кожнай сялянскай хаце спрадвеку захоўвалася вялікая колькасць ручнікоў.
   Зразумела, ручнік – не толькі кавалак тканіны для бытавых і гаспадарчых патрэб. Асаблівая роля ручніка ў сямейных абрадах беларусаў: на вяселлі, уваходзінах, хрэсьбінах, у пахавальна-памінальнай абраднасці.
   Вясельныя ручнікі ўваходзілі ў пасаг маладой, сведчылі пра яе працавітасць, умельства, густ. Усяго ў пасагу дзяўчына павінна была мець не менш за сорак ручнікоў. Рыхтавала яна іх сама, часам з дапамогай бабулі і маці.
   З ручніком ішлі ў сваты, у знак згоды на шлюб пры заручынах ручнікамі нявеста перавязвала маладога. Ручнікамі здаўна аздаблялі і вясельны поезд. Ручнік быў адным з асноўных спосабаў маркіроўкі галоўных дзейных асоб вяселля – маладой, маладога, свата і ўдзельнікаў дружыны маладога.
   Перад шлюбам бацькі бласлаўлялі маладых абразамі, упрыгожанымі ручнікамі, што звычайна вышываліся чырвонымі ніткамі, багата аздабляліся. Сімвал яднання, духоўнай сувязі, кахання ручнік-падножнік, на які станавіліся маладыя ў храме падчас вянчання і які надзяляўся самым высокім статусам. На ім вышываўся раслінны арнамент, імёны маладога і маладой, парады да сямейнага жыцця. Маладая імкнулася пацягнуць за сабой ручнік-падножнік у храме, каб сяброўкі хутка выходзілі замуж.
   З ручнікоў рабілі вароты шчасця, пад якімі праходзіла маладая пара, вяртаючыся з царквы. Па старажытнай традыцыі пасля шлюбу бацькі сустракалі маладых караваем на вясельным ручніку. Каб выказаць гасціннасць і павагу, на маляўнічым ручніку і сёння ў нашай краіне падносяць хлеб-соль шаноўным гасцям. Так з ручніка, яго прамяністых узораў пачынаецца знаёмства з беларускім краем, яго народам.
   Народная творчасць жыве і сёння. Тканыя і вышываныя вырабы сучасных народных майстроў уносяць у сённяшні інтэр’ер, асабліва гарадскі, цеплыню, непаўторнасць, характэрны мясцовы каларыт. Гэтыя ж якасці вызначылі і яшчэ адну функцыю прадметаў сучаснага народнага мастацтва – сувенірную. Турысты і госці Беларусі з вялікай ахвотай набываюць такія вырабы як напамін аб таленавітасці і працавітасці нашага народа, асаблівасцях яго жыцця і культуры.
   Рукатворныя вырабы беларусаў, адзначаныя чароўнай непасрэднасцю, самабытным хараством і эстэтычным густам, заўсёды былі першакрыніцамі духоўнасці. Сёння тканыя, вышываныя ручнікі, якія можна назваць летапісамі душ, сталі сімваламі беларускай нацыі.
(491 слова)

Паводле Т. Памазенкі.

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыРучнік у вясельных абрадах

Пераказы, дыктантыБеларускі ручнік

Авяр’ян ДзеружынскіАвяр’ян Дзеружынскі - Наш беларускі ручнік

Аляксей ПысінАляксей Пысін - Ручнікі

Максім ТанкМаксім Танк - Расшытае крыжыкамі