Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Першы вылет

   Эдзік выйшаў на ганак, спыніўся і незадаволена зірнуў навокал. Зноў кепскае надвор’е, зусім не летняе, як і ўсе апошнія дні! Зноў нельга купацца!
   Хлопчык спусціўся па прыступках і пайшоў мокрай пасля начнога дажджу сцежкай. Маці паслала яго назбіраць трускалак на агародзе.
   Толькі ён хацеў сарваць і кінуць у міску першую ягаду, як раптам убачыў вялікага светла- шэрага птаха, які змагаўся з рэзкімі парывамі ветру. Птаха ўсё больш і больш адносіла ўбок. Вось ён ужо над самым агародам. Выставіў наперад доўгія ногі, нібы самалёт перад пасадкай, і павольна прызямліўся недалёка ад Эдзіка.
   Хлопчык адразу забыўся і на міску, і на ягады, стаў набліжацца да птаха, што стаяў пасярод бульбы.
   – Эдзік, хто гэта? – пачуўся голас сястрычкі Інкі. Яна хуценька збегла з ганка і апынулася каля брата.
   Эдзік схапіў малую за руку.
   – Ціха!.. – прашаптаў ён. – Хіба не бачыш? Чапля!
   Інка паслухмяна спынілася.
   – Стой тут і не варушыся! – скамандаваў Эдзік, а сам пачаў асцярожна набліжацца да чаплі.
   Птушка і не думала адлятаць. Стаяла нерухома, бо была маладая, нядаўна пакінула гняздо і яшчэ не прывыкла баяцца людзей.
   Хлопчык падскочыў да чаплі і схапіў яе за спіну, каб яна не магла ўзмахнуць крыламі або стукнуць дзюбай. Адной рукой ён прыціснуў чаплю да сябе, а другой моцна трымаў дзюбу. Чапля не супраціўлялася, не спрабавала вырвацца.
   – Хадзі сюды! – паклікаў Эдзік сястру. – Бачыш, якая прыгожая?
   Цяпер і дзяўчынка магла добра разгледзець птушку. Яе белую гнуткую шыю, і жоўтую дзюбу, і круглыя залацістыя вочы, і нават чорную чупрынку на патыліцы, якая смешна вісела ззаду, нібы маленькая незаплеценая коска.
   Інка асцярожна пагладзіла шчыльнае блакітна- шэрае апярэнне.
   – Што ты будзеш рабіць з ёю? – запыталася дзяўчынка.
   Да гэтай хвіліны Эдзік і сам добра не ведаў, нашто ён злавіў маладую чаплю, але, пачуўшы запытанне сястры, адказаў:
   – Злавіў, каб табе паказаць. А цяпер аднясу ў поле і выпушчу. Хай ляціць куды хоча!
   – І я з табою! І я!.. – з захапленнем закрычала Інка.
   Яны выйшлі з агарода і падаліся да лугавіны за пасёлкам. Ісці было недалёка, бо хата стаяла на самай ускраіне.
   Эдзік нёс чаплю пад пахай, адной рукой усё яшчэ сціскаючы дзюбу. Інка ступала побач, не зводзячы з птаха вачэй. Па вільготнай траве яны дайшлі да лугавіны і спыніліся. Тут, за кустамі, было зацішна. Эдзік паставіў чаплю на зямлю, а сам адышоў з Інкаю ўбок.
   Вецер тым часам суняўся. Неба ачысцілася ад хмар. Выглянула сонца.
   З цікавасцю сачылі дзеці за кожным рухам цыбатага птаха. Чапля зрабіла некалькі няўпэўненых крокаў наперад, агледзелася, страсянулася. Узмахнула шырокімі, чорнымі на канцах крыламі і адарвалася ад зямлі. Узляцела яна цяжка, нязграбна. Спачатку бездапаможна боўтала ў паветры нагамі і нібы кулялася з боку на бок. Потым рухі чаплі набылі ўпэўненасць. Галаву яна адкінула на спіну, ногі выпрастала назад. Палёт яе зрабіўся роўным, павольныя ўзмахі крылаў – рэдкімі, дужымі.
   Інка памахала ёй на развітанне рукой.
   Неўзабаве крылатая госця знікла за лазняком.
   Брат і сястра вярнуліся на агарод і ўзяліся за трус калкі. Спелыя ягады прывабна чырванелі сярод зялёных лісточкаў. Урадзіла іх нямала, і былі яны ўсе буйныя, салодкія.
   Калі дзеці пайшлі дахаты, набраўшы поўную міску духмяных ягад, Інка раптам спынілася.
   – Чаму яна была на нашым агародзе? – спытала дзяўчынка. – Чаго яна хацела?
   – Нічога не хацела, – паважна адказаў Эдзік. – Вецер быў надта моцны. Чапля стамілася і мусіла апусціцца. Крылы яшчэ не дужыя. Добра лятаць не навучылася, нявопытная. Відаць, гэта быў яе першы вылет у свет.
   – Першы вылет, – задуменна паўтарыла Інка.

 

Паводле В. Вольскага

 

Похожие статьи:

Цётка (Алаіза Пашкевіч)Цётка - Журавель і чапля

Янка БрыльРаман Янкі Брыля "Птушкі і гнёзды". Вобраз Алеся Руневіча

ПераказыЖабяня і Чапля

Янка БрыльУвесь свет — адзін дом (па раману Янкі Брыля "Птушкі i гнёзды")

Максім ТанкМаксім Танк - Журавель і Чапля