Вясна выдалася дружнай і цёплай. І хоць снег трымаўся яшчэ на палях, хоць па начах можна было лёгка ісці па хрусткім падмарожаным насце, сонца прыгравала з кожным днём усё мацней і мацней. Адмакрэлі і пацямнелі лагчыны. Першыя праталіны зачарнеліся на палях. Прыбярэжныя лазнякі страцілі сваю зімовую празрыстасць і, здаецца, адразу пагусцелі, набраклі пяшчотнымі пералівамі фарбаў – шызых, ліловых, шэрых.
Дрэвы, якія паскідалі снегавыя шапкі і зімовую панурасць, здаваліся ў густым бары надзвычайна ўрачыстымі. Кожнае дрэва стаяла ў круглай лунцы-праталіне, нібы дыхала яно і подыхам сваім прадыхала снег аж да самай зямлі, да леташняй пабурэлай травы і ігліцы. Сям-там на нізкіх мясцінах чуліся днём ледзь улоўныя пералівы нябачных ручаінак. Днём разлівалася вада па балоце, за ноч падмярзала. А ранішняе сонца з такой страсцю ўглядалася ў гэтыя лядовыя люстры, што яны пачыналі падтайваць, дыміцца лёгкай празрыстай парай, якая паступова пераходзіла ў цёплы густы туман. Востра тады пахла гаркавай лазой, талым снегам, вільготным халадком.
(150 слоў)
Паводле М. Лынькова
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Сустрэча вясны
Пераказы, дыктанты → Прыход вясны
Пераказы, дыктанты → Гуканне вясны
Пераказы, дыктанты → Абуджэнне (Паводле Я. Коласа)
Якуб Колас → Якуб Колас - Вясна