Юзік з бацькам прыехалі адведаць у бальніцу настаўніцу Ларысу Іванаўну, якой ледзь паспелі выклікаць машыну «хуткай дапамогі» да школы, дзе яна вучыла маленькіх пачаткоўцаў.
Убачыўшы наведвальнікаў, настаўніца радасна ўсміхнулася.
Яна прыкметна схуднела. Бальнічны халат быў прасторны, і настаўніца ў ім выглядала як падлетак. Бачачы, як Юзікаў бацька сарамліва топчацца ля дзвярэй, Ларыса Іванаўна прыўзнялася на ложку і паказала на табурэт:
– Садзіцеся туды: будзе зручней. А ты, Юзічак, можаш прысесці на мой ложак.
Бацька паставіў на тумбачку слоік мёду і паклаў нізку сушаных грыбоў. Па палаце разнёсся непаўторны грыбны пах. Паўнаватая жанчына, якая ляжала ў палаце з настаўніцай, захоплена войкнула і прысела на табурэт каля свайго ложка.
– Грыбы? – падзівілася яна. – Ах, як даўно не чула іх паху. Можна патрымаць?
– А чаму ж не? – ажывіўся Юзікаў бацька. – Гэта мы з Юзікам збіралі і сушылі іх.
Ён расказаў, як з сынам хадзілі ў грыбы...
Калі выдавалася вольная хвіліна, бацька браў з сабой Юзіка, і яны ішлі па баравінах. Там, пад высокімі соснамі, грыбы раслі сямейкамі, моцныя, на тоўстых ножках, з цёмна-карычневымі, як берэты ў казачных прынцаў, капелюшамі. Юзік асцярожна падразаў карані, клаў у кошык чарговы грыб і прыгаворваў:
– Ляжы тут, маленькі. Хопіць па лесе разгульваць...
Вочы настаўніцы свяціліся радасцю, калі тая глядзела на наведвальнікаў, на грыбы, што яны прывезлі з далёкага лесу.
– Папросім кухара, каб згатаваў іх хворым. Праўда, Пятроўна? – звярнулася настаўніца да паўнаватай жанчыны.
– А што? Праўда. Але ж шкада: не нанюхаемся ляснога водару.
(234 словы)
(Паводле М. Даніленкі)
Похожие статьи:
Пераказы → Свята настаўніцы
Эдзі Агняцвет → Эдзі Агняцвет - Твая настаўніца
Васіль Вітка → Васіль Вітка - Свята настаўніцы
Сяргей Грахоўскі → Сяргей Грахоўскі - Першая настаўніца
Васіль Жуковіч → Васіль Жуковіч - Першая настаўніца