Вавёрачку прынёс бацька з лесу. Ён расказаў, як лесарубы павалілі тоўстую асіну і раптам пачулі глухі галасок, што ішоў з дрэва. Расшырылі сякерай дупло і дасталі адтуль маленькае шэра-карычневае стварэнне з круглымі, як зярняты, вочкамі і закручаным хвосцікам.
Вавёрачка адразу стала свойскай: лёгка ішла на рукі, брала з далоні семкі, арэшкі, хлеб. Іван браў вавёрачку ў школу. Яна ціха сядзела ў кішэні яго пінжака ці спала там у цяпле.
За лета вавёрачка вырасла, поўсць яе распушылася, стала бура-серабрыстая, бліскучая.
Пад Іванавым акном расла разгалістая яблыня. Іван расчыняў акно, і вавёрачка лёгка пераскоквала з падаконніка на галінку, з галінкі – у сад. Але варта было хлопчыку ціхенька пасвістаць – і яна зноў ля акна.
З часам вавёрачка пачала хавацца. Ніхто не ведаў яе схованкі. Абшукалі ўвесь дом, але не знайшлі яе.
Аднойчы маці ўбачыла ў садзе ўжо дзвюх вавёрачак. Яны гулялі, скакалі адна за адной, весяліліся. А праз дзень вавёрачка дамоў не вярнулася. Іван пагараваў і змірыўся.
Надышлі халады, трэба было цёпла апранацца. Іван успомніў пра новае паліто, што вісела за печчу. Сунуў руку ў рукаў, а адтуль, як з мяшэчка, пасыпаліся арэхі, цукеркі, сухарыкі.
– Гэта вавёрачка зрабіла мне падарунак! – усклікнуў хлопчык.
Надзеў Іван паліто, павярнуўся перад маці. На спіне ў паліто была прагрызена дзірка велічынёю з яблык. А ў рукаве ляжалі вата, саломінкі, ніткі – сапраўднае ўтульнае гняздзечка. Вось куды хавалася вавёрачка!
(220 слоў)
Паводле А. Кудраўца
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Вернісаж для мамы
Васіль Вітка → Васіль Вітка - Вавёрчына гора
Пераказы, дыктанты → Падарунак (Паводле В. Хомчанкі)
Мікола Чарняўскі → Мікола Чарняўскі - Лясная гаспадыня
Пераказы, дыктанты → Выпадак у лесе