Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Падарунак (Паводле В. Хомчанкі)

   Клара называла яго верным рыцарам з восьмага «В». Слава не прапускаў ніводнай Кларынай трэніроўкі. Перакінуўшы свае і Кларыны канькі цераз плячо, ён праводзіў Клару дадому. Яны крочылі па ціхім парку, ехалі ў тралейбусе, а потым ішлі да яе дома.
   Амаль кожны дзень Клара прасіла Славу пра што-небудзь: зрабіць чарцёж, напісаць дамашняе сачыненне.
   І Слава выконваў гэтыя просьбы: сябры ж. Нават заносіў Кларын партфель дамоў, калі яна ехала са школы ў горад.
   А дваццаць восьмага лютага ў Клары быў дзень нараджэння. На яго яна нікога з аднакласнікаў не запрасіла, але Слава вырашыў, што ён пойдзе, бо віншаваць з днём нараджэння павінны прыходзіць самі сябры. На тое яны і сябры.
   Падарунак для Клары Слава падрыхтаваў сам. Гэта быў невялікі букецік жывых ландышаў. Каб падарыць ландышы сёння, Слава яшчэ ўвосень выкапаў іх у лесе разам з зямлёю, прывёз і трымаў у падвале, выносіў на холад, потым паліваў у цёплым пакоі. І ландышы зацвілі, запахлі прыемна і тонка, прынёсшы ў кватэру подых вясны. Яе, вясну, і падорыць Слава сваёй сяброўцы. Гэта не каробка цукерак, няхай і шакаладных.
   Калі ён падышоў да кватэры Клары, адтуль чулася музыка. Госці ўсе былі чужыя: Кларын трэнер, нейкія незнаёмыя хлопцы і дзяўчаты, відаць, таксама спартсмены. Клара, убачыўшы яго падарунак, усміхнулася і сказала, што сёння ў яе ўжо шмат кветак. Яна пакруціла ў руцэ букецік і аддала трэнеру. Той панюхаў букецік, а потым, не падымаючыся з канапы, уторкнуў яго ў вузенькую, як горла гусака, вазу, што стаяла на падаконніку. А адзін з хлапцоў сказаў: «Ландышы вясной пяць капеек за пучок». У адказ усе засмяяліся.
   Слава выйшаў у калідор. Апрануўся, азірнуўся і сустрэўся вачыма з Кларай. Клара ўсміхнулася і памахала на развітанне рукой.
   З двара ён зірнуў на акно і на падаконніку заўважыў тую доўгую, як гусакова шыя, вазу. Там бялелі дробныя званочкі яго ландышаў. Ландышы туліліся да шыбы, быццам прасіліся на вуліцу.
   І Славу зрабілася шкада гэтых ландышаў. Хай бы яны раслі ў лесе і цвілі ў маі. Навошта прыносіць іх людзям, якія не шануюць дружбу і за вясну плацяць толькі пяць капеек?
(337 слоў)

Паводле В. Хомчанкі

 

Похожие статьи:

ПераказыПадарунак

ПераказыЛандыш

ПераказыЛандышавая паляна

ПераказыВернісаж для мамы