Народныя паданні аб Тураве надзвычайна паэтычныя. Іх шмат, усе разам узятыя яны даказваюць, што ў народзе жыве памяць аб старажытнай велічы і значнасці Турава. Гістарычныя звесткі пераблыталіся з паданнямі, малюючы нам нейкія фантастычныя вобразы з даўно мінулага жыцця. Тураўцы не толькі і цяпер вераць у легендарнага Тура, заснавальніка Турава, але нават яго імем да гэтага часу называюць калодзеж і аказваюць яму асаблівую павагу. Калодзеж-Тур – не звычайны які-небудзь калодзеж. У ім тры дны: меднае, сярэбранае і залатое. Калі прарвецца залатое дно – канец свету; зямля ператворыцца ў адзін вялікі акіян! У тураўцаў ёсць і свая царэўна, але царэўна-чараўніца, толькі добрая чараўніца: пры дапамозе чараў яна не раз збівала ворагаў і ратавала ад іх горад. Нават месца, дзе яна чаравала, вядомае і называецца Перадолы. Шмат і іншых месцаў, звязаных з успамінамі аб розных падзеях. Так, напрыклад, ёсць месца, якое называецца Сямірадцы, таму што тут сем старшынь судзілі тураўцаў. За ракою ёсць высокі курган: гэта магіла загінуўшых татар. З гэтага ж боку ракі – месца, дзе нанесена было ім страшнае паражэнне, называецца Крычаў, таму што, калі іх тураўцы прыціснулі да ракі, татары ўзнялі страшны крык. Хто паспеў пераплысці раку, таго даканалі на тым баку. Над імі і насыпалі курган.
(194 словы)
А. Кіркор
Похожие статьи:
Пераказы → Тураў
Пераказы → Тураў
Пераказы → Тур
Пераказы → Дрыгавіцкая дзяржава