Ноччу выпаў першы пушысты сняжок. Прыкметна пабялелі і без таго белыя бярэзіны. Выразней сталі глядзецца камлі стромкіх сосен. Чорная вольха так і крэсліць неба графікай галін.
Пасвятлелі ельнікі. На кожнай яліне вунь колькі снегу! Белы колер у спалучэнні з зялёным вельмі пасуе дрэвам.
Дубровы таксама выглядаюць урачыста. Ствалы разложыстых дубоў імкнуць увысь. Кожны з іх заканчваецца мудрагеліста перакручанымі галінамі. Снег, што наліп на іх, ажно ззяе ў сонечных промнях.
На доле таксама ўсё выглядае казачна. Колькі колераў адразу бачыцца ў такім лесе! Нібы там папрацаваў таленавіты мастак. На белым фоне залаціцца стужка сасновай кары. Прабіваецца скрозь снег пажоўклы пучок зуброўкі. Схілілася і паблісквае серабрыстымі вочкамі колішніх кветак галінка верасу. Аднекуль апусціўся кляновы ліст, чырвоны, як гусіная лапка. Рабінавы камялёк абвіла зелянюткая ліяна. Хораша глядзяцца імхі. На дрэвах, на пнях, на каранях вываратняў яны, зацярушаныя снегам, здаюцца аксамітнымі.
(137 слоў)
Паводле Я. Пархуты
Похожие статьи:
Казімір Камейша → Казімір Камейша - Першы снег
Юрась Свірка → Юрась Свірка - З першым снегам
Якуб Колас → Якуб Колас - Першы снег
Пераказы, дыктанты → Першы снег (Паводле І. Грамовіча)
Пераказы, дыктанты → Першы снег (Паводле X. Лялько)