Антось і Алеся стаялі на балконе свайго новага дома і разглядалі двор. Раптам да іх падляцела некалькі птушак. Маленькая галубка і вялікі голуб з белай плямай на дзюбе селі на парэнчах балкона.
Алеся заўважыла, што ў галубкі баліць ножка. Дзяўчынка вынесла хлебных крошак, жменьку круп і насыпала на падаконнік. Першы пераляцеў з парэнчаў голуб. Следам за ім нясмела прыкульгала і галубка. Але ўхапіць зерне яна ніяк не магла. Вялікі голуб прагна дзёўб крошкі, адганяючы іншых птушак.
Тады Алеся зноў вынесла крошак і працягнула іх на далоні галубцы. Асцярожнымі падскокамі птушка дабралася да дзяўчынкі, дзеўбанула крошку і адляцела ў другі канец балкона. Пасля зноў ухапіла крошку.
Голуб убачыў, што дзяўчынка корміць галубку. Пераляцеў на парэнчы. Злосна дакараючы галубку, ён сапхнуў яе ўніз, а сам падаўся да крошак. Тады Алеся схапіла венік і прагнала хцівага голуба.
Пакалечаную галубку дзеці кармілі аж да вясны. Яна смела садзілася каля Антосевай ці Алесінай рукі і дзяўбла крошкі, кідаючы лагодны позірк на дзяцей. Малым здавалася, што птушка дзякуе ім за пачастунак.
Так у новым доме ў Антося і Алесі з’явілася сяброўка.
(177 слоў)
(Паводле А. Пальчэўскага)
Похожие статьи:
Янка Брыль → Увесь свет — адзін дом (па раману Янкі Брыля "Птушкі i гнёзды")
Янка Брыль → Птушкі i гнёзды. Гнёзды за дымам. Аповесць другая
Пераказы → Птушкі шчасця
Янка Брыль → Раман Янкі Брыля "Птушкі і гнёзды". Вобраз Алеся Руневіча
Янка Брыль → Птушкі i гнёзды. Сцюдзёны вырай. Аповесць першая