Ужо ўзыходзіць сонца. Лес увесь у расе. Чым далей у лес, тым болей грыбоў. Дзе-небудзь пад кашлатаю бярозкаю альбо сасонкаю прысядзеш і адразаеш корань першаму баравіку. Хвілін праз колькі бачыш яшчэ адзін, потым яшчэ. А там толькі нагінайся ды паспявай браць. Бярэш адны баравічкі – маладыя, белыя.
Праз нейкі час адварочваешся, каб пакласці ў кашэль яшчэ адзін баравік, і не верыш вачам сваім: усё днішча ўжо ўкрыта грыбамі – рыжа-бурымі, з чорнымі тоўстымі шапкамі.
Каля даўным-даўно паваленага і зарослага ўжо маладняком дуба трапляеш на неруш. Грыбы сядзяць усёй вялізнаю сваёй сям’ёй, нібы на якой радзе, і, здаецца, слухаюць, аб чым бае старэйшы іх роду – абвіслы зялёны баршчавік, што абапёрся на маладзенькую бярозку. Каб ніхто не перашкодзіў, вырываеш усе баравікі з карэннем і зносіш іх у адну кучу да кашаля. Потым садзішся на калені, асцярожна аскрабаеш ад пяску карэнне, абразаеш. Яны белыя, тугія. Грыбы, значыць, пачаліся і ўжо будуць да самай глыбокай восені.
(150 слоў)
Паводле Б. Сачанкі
Похожие статьи:
Пераказы → Грыбы ў павер’ях
Пераказы → Грыбная неруш
Пераказы → Веснавыя грыбы
Рыгор Барадулін → Рыгор Барадулін - Неруш
Пераказы → Настасін гай