Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Незвычайная мышка

Варыянт 1 (243 словы)

   Вялікі чорны кот ляніва, з годнасцю гаспадара, прайшоўся па двары, ускочыў на плот, а потым перамахнуў на страху склепа. Прылёг на цёплай страсе і жоўтымі вачамі ўставіўся ў капу саломы. Часам вушы ката паволі варушыліся, бо звер нешта выслухоўваў. Ужо другі дзень кот займае сваю пазіцыю на склепе, пільна сочыць за капой саломы. Няйначай туды на зіму зашыліся мышы і вось цяпер, калі прыгрэла сонца, паціху разбягаюцца, каб адшукаць новую схованку.
   Раптам кот натапырыў вушы, кончык хваста нервова заторгаўся. У наступнае імгненне чорны драпежнік пругка прыўзняўся на лапах, спружыніста падаўся наперад, рыхтуючыся да нападу. Высунулася востранькая мордачка, бліснула маленькімі вочкамі. Кот імкліва абрынуўся на ахвяру. Але што гэта? Чорны драпежнік раптам спыніўся, бы хто прытрымаў яго за хвост, гідліва чмыхнуў і абыякава адвярнуўся. Звярок не шмыгнуў у салому, а пачаў хутка абгрызаць карэньчык, які трапіўся яму. А кот прысаромлена, няспешна, быццам нічога не здарылася, адышоўся, ускочыў на куратнік. Невялічкая шэранькая малеча ні на каго не звяртала ўвагі. Гаспадар вельмі здзівіўся. Нахіліўся, каб лепей разгледзець дзіўную істоту.
   – Эге, дык гэта не мыш, – здагадаўся гаспадар. – Няўжо лясная госця?
   Ён узяў звярка, паклаў на далонь. Шэранькі, як мыш, толькі вушкі маленькія, вострая мордачка. Бацька паклікаў сына Міколку.
   – Мышка, – адразу вызначыў сын.
   – Не, ты памыляешся. Гэта землярыйка, лясны звярок. Наш кот паляваў на яе, але сканфузіўся, бо не адразу распазнаў. Цяпер сядзіць на даху і перажывае за сваю памылку. Гэта карысны звярок, ён шукае розных чарвякоў, насякомых. Занясі, сынок, і выпусці на ўзлеску. Няхай жыве.
 


 

Варыянт 2 (140 слоў)

   Вялікі чорны кот прайшоўся па двары, ускочыў на плот, перамахнуў на страху. Прылёг на страсе і ўставіўся ў копку саломы. Ужо другі дзень ён сядзіць на паграбку, пільна сочыць за капой. Раптам кот натапырыў вушы, кончык хваста нервова заторгаўся. Чорны драпежнік пругка прыўзняўся на лапах, спружыніста падаўся наперад і імкліва абрынуўся на ахвяру. Але раптам кот спыніўся, бы хто прытрымаў яго за хвост, гідліва чмыхнуў і абыякава адвярнуўся. Звярок не шмыгнуў у салому, а пачаў абгрызаць карэньчык, які трапіўся яму. А кот няспешна адышоўся. Невялічкая шэранькая малеча ні на кога не звяртала ўвагі. Гаспадар вельмі здзівіўся, што гэта была не мыш, а нейкі падобны да яе маленькі звярок.
   – Дык гэта не мыш, – здагадаўся ён. – Няўжо лясная госця?
   Гэта была землярыйка. Кот паляваў на яе, але сканфузіўся, бо не адразу распазнаў. Гэта карысны звярок, ён шукае розных чарвякоў, насякомых.

Паводле А. Дзятлава

 

Похожие статьи:

Авяр’ян ДзеружынскіАвяр’ян Дзеружынскі - Палявая мышка

Авяр’ян ДзеружынскіАвяр’ян Дзеружынскі - Мышка і неслухмянае мышаня

Сяргей ГрахоўскіСяргей Грахоўскі - Хто вінаваты?

ІншаеАлесь Дзятлаў - Зарок